Практыка. Вядома, што абставіны ствараюць людзей, але і самі абставіны з'яўляюцца прадуктам чалавечай дзейнасці. Людзі на практыцы прыстасоўваюць да сябе прыроду, ствараюць матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці; у сацыяльнай сферы яны пераўтвараюць грамадскае быццё. І практыка ўсёй дзейнасці людзей застаецца ім у спадчыну. Змяняючы ўмовы і абставіны свайго жыцця, чалавек непазбежна мяняецца і сам як асоба. Практыка - гэта спосаб існавання чалавека ў свеце шляхам пераўтварэння свету (прыроды і грамадства), змянення ўмоў свайго жыцця і самога сябе ў адпаведнасці з гістарычнымі формамі развіцця грамадскага быцця. У чалавечай дзейнасці прырода (а зараз і космас) усе больш становіцца часткай свету культуры, а прадметны свет культуры пераўтвараецца ў аснову прыроднага быцця людзей. Людзі здольныя развівацца толькі ў працэсе пераўтварэння прыроды праз грамадскія адносіны паміж сабой. Гуманныя адносіны да прыроды ў глабальным маштабе практычна стануць магчымыя толькі на аснове такога ўзроўню і якасці грамадскага быцця, калі людзі ўсёй планеты пачнуць па-чалавечы ставіцца адзін да аднаго. Гэта магчыма, калі чалавецтва прыступіць да рашэння такіх праблем і задач, рэалізацыя якіх сёння тэхналагічна не па сіле аднаму народу ці дзяржаве і патрабуе аб'яднання намаганняў усіх краін свету. У такой сітуацыі грамадская практыка набудзе агульначалавечы характар, які будзе пераважаць над індывідуальнымі, нацыянальнымі, класавымі асаблівасцямі як адзіная гуманістычная аснова жыцця людзей.