Схаластыка (ад грэч. scholastikos - школьны). Для абароны асноў рэлігійнага светапогляду ў сярэднявеччы ў заходнеэўрапейскіх краінах склалася вучэнне, якое атрымала назву схаластыка. Яно зыходзіла з прынцыпу безумоўнага падпарадкавання думкі аўтарытэту царкоўнага догмата («філасофія ёсць служанка багаслоўя»). Паколькі «вечная ісціна» была прадстаўлена ўжо ў біблейскіх кнігах, схаластам заставалася толькі з дапамогай правільных разважанняў і лагічных вывадаў адшукваць у іх адказы на ўсе пытанні, якія ставіліся чалавечым розумам. Замест пошуку ісціны з дапамогай даследавання прыроды схаластыка поўнасцю сканцэнтравалася на найдалікатнейшых інтэрпрэтацыях «свяшчэнных тэкстаў». На яе фармаванне паўплывалі пераасэнсаваныя ў рэлігійным духу вучэнні антычных мысліцеляў (Платона і асабліва Арыстоцеля), арабамоўных філосафаў (Ібн Сіна, Ібн Рушда), неаплатонікаў (Псеўда-Дыянісія Арэапагіта). Прадстаўнікі ранняй схаластыкі (11-12 ст., Ансельм Кентэрберыйскі, І.Расцэлін, П.Абеляр, Іаан Скот Эрыўгена), займаючыся праблемамі нацыяналізацыі асноў хрысціянскага светаразумення, разгарнулі палеміку з-за прыроды агульных паняццяў. У выніку ўзніклі два асноўныя кірункі схаластычнай філасофіі - наміналізм і рэалізм. Калі рэалісты безагаворачна прызнавалі першаснасць ідэй у адносінах да матэрыяльных прадметаў, то наміналісты бачылі ў іх прадукт абагульняючай дзейнасці думкі. Такім чынам, у наміналістычных канцэпцыях утрымліваліся матэрыялістычныя тэндэнцыі, хоць паводле агульнага светапогляду ўся схаластыка стаяла на пазіцыях ідэалізму. Сістэматызаванае завяршэнне і класічнае выражэнне схаластыка набыла ў працах Альберта Вялікага і Фамы Аквінскага (12-13 ст.), якія распрацавалі на аснове арыстоцелізму ўсёабдымную «суму» хрысціянскай філасофіі (тамізм). Прадстаўнікі позняй схаластыкі (І.Дунс Скот) выступілі супраць тамізму з яго безумоўным падпарадкаваннем розуму веры, схіляючыся да падзелу іх сфер дзеяння, да «тэорыі дваістай ісціны». Такім чынам, схаластыка - гэта рэлігійная філасофія, мэта якой - рацыянальна-тэарэтычнае тлумачэнне і абгрунтаванне хрысціянскага веравучэння.

У 16-17 ст. пад уплывам разбуральнага ўздзеяння з боку перадавых навуковых, у т.л. філасофскіх, вучэнняў (Г.Галілей, Р.Дэкарт, Дж.Лок і інш.) схаластыка страчвае сваё пануючае становішча ў інтэлектуальным жыцці Заходняй Эўропы. Крайняя абстрактнасць схаластыкі, яе адарванасць ад рэальнага жыцця прывялі да таго, што само слова «схаластыка» ператварылася ў сінонім марнага і беззмястоўнага разважання, пустой гульні слоў.

Паведаміць пра недакладнасьць