Жаба травяная (Rana temporaria)

Земнаводнае сямейства сапраўдных жаб. Даўжыня цела 5-8 см, іншы раз да 9 см, маса 10-45 г. Морда круглаватая, тупая. Скроневая пляма выразная. У некаторых асобін яна менш кантрастная ці зусім адсутнічае. Належыць да групы бурых жаб. Афарбоўка спіны вельмі зменлівая: светла-аліўкавая, светла-бурая або амаль чорная. Брушка заўсёды плямістае, з характэрным мармуровым малюнкам на жаўтаватым фоне. Важнейшая відавая прыкмета - унутраны пятачны бугарок, круглаваты і нізкі, у 2-4,5 раза карацейшы за першы палец. Полімарфізм малюнка спіны падобны, як у вастрамордай жабы. Адрозніваецца ад іншых светлай паласой уздоўж сярэдзіны спіны: яна звычайна праходзіць ад анальнай адтуліны да Л-падобнай плямы (на галаве адсутнічае) і менш выразная. Лічынка (апалонік) мае цёмна-карычневую або амаль чорную афарбоўку. Хвост у апалонікаў заканчваецца тупа, на ротавым дыску зверху толькі пярэдні рад суцэльны, астатнія перарывістыя пасярэдзіне, знізу пярэдні перарывісты, астатнія суцэльныя.

Арэал травяной жабы ахоплівае амаль усю Эўропу (ад Пірэнеяў да Ўрала, акрамя паўднёвых раёнаў Апенін, Балкан, Крыма, Каўказа); на поўначы ён даходзіць да ўзбярэжжа Баранцава і Белага мораў, а таксама Палярнага Ўрала, на поўдні - да сярэдняга цячэння Днястра, Дняпра, Дона і Волгі. Даволі шырокі арэал гэтага віду тлумачыцца яго значнай экалагічнай пластычнасцю, аднак травяная жаба пазбягае адкрытых стэпавых прастораў. У Беларусі травяная жаба пашырана на ўсёй тэрыторыі, акрамя асобных адносна невялікіх прырэчышчава-поймавых участкаў р. Прыпяць.

Травяная жаба ў значна большай ступені, чым вастрамордая, аддае перавагу вільготным лясам і менш - адкрытым прасторам. Гэта тлумачыцца большай патрабавальнасцю віду да вільготных біятопаў. У сувязі з гэтым колькасць травяной жабы звычайна меншая, чым вастрамордай, аднак далёка не ўсюды. У сярэднім па лясных біятопах на 1 га трапляецца 250 травяных жаб, гэта значыць амаль столькі ж, колькі і вастрамордых. На поймавых лугах травяных жаб менш, чым вастрамордых (120 супраць 250 на 1 га). Суадносіны колькасці гэтых двух відаў вельмі рэдка вар'іруюць у розных месцах краіны. Так, на поймавых лугах і ў прыпоймавых лясах Прыпяці травяная жаба практычна адсутнічае, а вастрамордай шмат, у цэнтральнай жа частцы Беларусі ў шэрагу раёнаў усё выглядае наадварот. У розных тыпах лясоў яе колькасць даволі нераўнамерная і вагаецца ў залежнасці ад вільготнасці асяроддзя. У прыпоймавых алешніках і дубровах (акрамя Прыпяцкіх) яна найбольшая: да 750-2000 асобін, а ў асобных выпадках і больш за 3000 на 1 га. У ельніках колькасць гэтых асобін значна ніжэйшая (60-150 на 1 га), у хвойніках найменшая - ад 0 да 3-5. У поймавых лугах паблізу лясоў або хмызнякоў колькасць травяной жабы дасягае 700 асобін на 1 га.

Травяная жаба нават пры значна больш нізкай шчыльнасці, чым шчыльнасць вастрамордай жабы, назапашвае вялікую біямасу за кошт сваіх памераў. Напрыклад, у некаторых ельніках пры аднолькавай колькасці гэтых відаў біямаса травяной жабы складае 71,4% ад агульнай біямасы. Найбольшай актыўнасцю травяная жаба вызначаецца ў вячэрні час, хоць дастаткова актыўная і днём. Многае тут залежыць ад вільготнасці і тэмпературы прыземнага слоя паветра. Травяныя жабы асабліва любяць «пагуляць» днём пасля цёплага дажджу, калі выпаўзае шмат дажджавых чарвякоў. Пры пахаладанні жабы хаваюцца ва ўкрыцці і сядзяць, высунуўшы галаву. Ветру яны таксама пазбягаюць з-за таго, што ён высушвае скуру і адносіць насякомых. Плошча індывідуальнага або паляўнічага ўчастка травяной жабы ад 450 да 5000 м2. У пошуках корму і больш вільготных месцаў многія асобіны іншы раз мігрыруюць на значныя адлегласці.

Корміцца пераважна наземнымі жукамі, двухкрылымі, лічынкамі насякомых, малюскамі. Сярод апошніх найбольш часта паядаецца палявы слізняк - шкоднік агародаў. З 16 асноўных відаў беспазваночных, якімі кормяцца травяныя жабы на тэрыторыі Беларусі, 12 з'яўляюцца сельскагаспадарчымі і ляснымі шкоднікамі.

Шмат травяных жаб паядаюць вужы і гадзюкі. З птушак за імі палююць буслы, чайкі, многія драпежныя птушкі, а таксама сівагракі, дразды, вароны, кедраўкі, сарокі, сойкі, круцігалоўкі. Некаторыя драпежныя птушкі, якія кормяцца жабамі ў гады, калі мала мышападобных грызуноў, палююць на больш буйных травяных жаб. Сярод звяроў травянымі жабамі кормяцца ліс, янотападобны сабака, куніца, гарнастай, тхор, норка, барсук, выдра. Іншы раз травяная жаба прыцягвае ўвагу бурага мядзведзя, ваўка, дзіка і апынаецца ў іх страўніку.

Травяная жаба належыць да тых земнаводных, якія зімуюць у вадзе. З наступленнем асенніх замаразкаў жабы пачынаюць шукаць месцы, прыдатныя для зімовак. Ужо напярэдадні яны збіраюца бліжэй да вады, тэмпература якой восенню звычайна вышэйшая за тэмпературу паветра, і па водных шляхах ідуць на зімоўку. Міграцыі да месцаў зімовак заканчваюцца звычайна не пазней як за 2-3 дні да залягання ў спячку, пры гэтым пераадольваецца адлегласць да 1-1,5 км. Зімуюць жабы ў быстрацечных незамерзлых рэках, ручаях, канавах, у сажалках з крыніцамі, а таксама ў тых месцах вадаёмаў, дзе ёсць незамёрзлы сцёк. Жабы выбіраюць багатыя кіслародам месцы. У найбольш спрыяльных з іх утвараюцца вялікія (іншы раз па некалькі тысяч) зборы жаб. Травяныя жабы размяшчаюцца звычайна на дне вадаёма ў зарасніках расліннасці, на патанулым лісці, нярэдка пад навіслымі берагамі. У час зімоўкі ў выпадку недахопу кіслароду або прамярзання яны могуць мяняць месцы, перамяшчацца на адлегласць да 100-120 м. Аднак заморы, якія ўзнікаюць ад рэзкага зніжэння колькасці кіслароду ў вадзе пры гніенні арганічных рэшткаў пад тоўстым ледзяным покрывам, - галоўная небяспека для жаб, якія зімуюць. Сумнае відовішча адкрываецца, калі вясной даводзіцца бачыць на дне вызваленай ад лёду рачулкі або канавы шмат загінуўшых жаб.

Важна адзначыць, што ў вялікіх нізінных рэках зімоўкі праходзяць рэдка, бо моцны веснавы разліў ускладняе выхад жывёлін на сушу. Вось чаму няма травяной жабы ў пойме Прыпяці, у той час як у поймах Бярэзіны, Дняпра, Нёмана колькасць травяных жаб даволі вялікая. Справа ў тым, што веснавыя разлівы Прыпяці распасціраюцца на некалькі кіламетраў і затапляюць прылеглыя да ракі лясы. Такая паводка не дазволіла б жабам, якія зімавалі ў рацэ або ў іншых поймавых вадаёмах, дабрацца да месцаў размнажэння. Таму травяной жабы ў зоне Прыпяці практычна няма, за выключэннем адзінкавых экзэмпляраў у раёне ўпадзення рэк Лані і Гарыні ў месцах правядзення асушальнай меліярацыі, а таксама на левабярэжжы насупраць Прыпяцкага запаведніка.

Аднак не ва ўсіх рэках і сажалках спакойна спіцца травяной жабе, нават калі і хапае кіслароду. Бо такія рыбы, як шчупак і мянтуз, часта паядаюць жаб, якія на зімоўках вялыя і маларухомыя, да таго ж збіраюцца ў вялікіх колькасцях. Шмат жаб, якія зімуюць, становяцца ахвярамі выдры і норкі.

Травяныя жабы першымі з'яўляюцца вясной, бо перыяд зімоўкі залежыць ад умоў надвор'я і можа рэзка вагацца па гадах. Напрыклад, пад Менскам у 1968-1972 гг. першае з'яўленне адзначалася 13-20 красавіка, у 1973-1975 гг - у канцы сакавіка.

Праз 2-4 дні пасля выхаду з зімовак пачынаецца спароўванне, прычым не толькі ў вадаёмах размнажэння, але і па дарозе да іх (нават на сушы). Месца нерасту травяной жабы ў большасці выпадкаў з года ў год адно і тое ж. Звычайна жаба выбірае для размнажэння зарослыя вадаёмы глыбінёй 10-20 см у адкрытых дастаткова буйных (не менш 200 м2) і глыбокіх (да 50-120 см) вадаёмах. У іх нерастуецца 50-70% травяных жаб. У астатніх выпадках ікра адкладваецца ў самых розных месцах: у каляінах лясных дарог, канавах і часовых лужынах з травяністым і гліністым дном па абочынах дарог; у лясных вадаёмах, дно якіх выслана апалым лісцем; у часовых лясных лужынах з расталага снегу; у залітых поймах рэк і азёр і старых рэчышчах; у меліярацыйных канавах з стаячай і слабапраточнай вадой; у вадаёмах каля жылля; у затоках адкрытых і лясных ручаёў і малых рэк.

На месцах нерасту ў пік актыўнасці шчыльнасць травяных жаб дасягае 50-100 асобін на 1 м2. Пры гэтым колькасна пераважаюць самцы, а самкі пасля нерасту пакідаюць вадаёмы. Самак, якія не спароўваюцца, у вадаёмах размнажэння звычайна няма. Мяркуючы па мінімальных размерах асобін, што размнажаюцца, полаваспелымі травяныя жабы становяцца пры дасягненні даўжыні цела больш за 5 см, на трэцім годзе жыцця. Самцы даўжэй затрымліваюцца ў вадаёмах, прыцягваючы па чарзе сваімі песнямі самак, якія прыходзяць у вадаём. Гукі песень самцоў нагадваюць хрыплае «о-о-о-о...» або «грук-грук».

Нераст пачынаецца пры тэмпературы вады ў дзённы час не ніжэй як 9-10°C. Для травяной жабы яшчэ ў большай ступені, чым для вастрамордай, характэрны скучаны нераст. Звычайна ў кожным асобным вадаёме ікра адкладваецца ўсімі самкамі ў адно месца. Агульная суцэльная маса ікры, якая ўсплывае, можа займаць плошчу да 2-3, а ў асобных выпадках да 10 м2 з колькасцю кладак на ёй ад 40 да 400. Гэта асаблівасць, відаць, звязана з раннімі тэрмінамі размнажэння пры адносна нізкіх тэмпературах і начных замаразках. Працягласць і інтэнсіўнасць працэсу нерасту залежыць ад умоў надвор'я і можа вагацца ў розныя сезоны ад 4-6 да 26 дзён. У выпадку першапачатковага рэзкага і ўстойлівага (на працягу тыдня) павышэння тэмпературы вады да 12-13°C да працэсу размнажэння далучаюцца ўсе асобіны, і ён завяршаецца ў сціслыя тэрміны. А пры няўстойлівым надвор'і нераст зацягваецца. У гэтым выпадку самыя познія кладкі (прыкладна пасля 22-25 красавіка) раскіданы па ўсім вадаёме, ім ужо не патрэбна цяпло суседніх кладак, бо ў гэты час вады ўжо дастаткова.

У кладцы ікры адной самкі ад 840 да 4000 ікрынак. Такая высокая пладавітасць тлумачыцца значнай гібеллю ікры (40-50% яшчэ да вылуплівання лічынак) пры высыханні вадаёмаў, асабліва невялікіх і часовых. Хуткасць эмбрыянальнага развіцця апалонікаў залежыць ад тэмпературных умоў і працягваецца ў Беларусі 7-20 сутак. Чым цяплейшая вада, тым развіццё ідзе хутчэй. Цікава, што перыяд вылуплівання лічынак з ікры, адкладзёнай у масе, у кожным асобным месцы вадаёма займае менш часу, чым нераставанне: напрыклад, пры нерасце ў 6-8 дзён вылупліванне лічынак адбываецца за 2-4 дні. Гэта тлумачыцца тым, што больш позняя ікра адкладваецца зверху і ў сярэдзіне кучы, дзе тэмпература вышэйшая на 2-3°C, чым тэмпература вады побач. Таму познія кладкі развіваюцца хутчэй і даганяюць больш раннія.

Ікра травяной жабы не страчвае здольнасці да развіцця нават пасля ахалоджвання да -6°C. Маса ікры, якая знаходзіцца пад тоўшчай лёду на працягу 6 сутак, пасля адтайвання вадаёма застаецца жыццяздольнай. Эмбрыянальнае развіццё травяной жабы, напрыклад, ва ўмовах пахаладання пад Менскам завяршаецца за 15-16 сутак. Лічынкі, якія вылупіліся з ікры, на працягу некалькіх тыдняў трымаюцца ў месцах нераставання ў вялікай колькасці. На водмелях у гэты час можна назіраць густы «чорны рой» маленькіх апалонікаў. Праз 20-30 сутак, калі ў пачатку хваста з'яўляюцца маленькія, у выглядзе пупышачак, зачаткі задніх канечнасцей, адбываецца рассяленне іх па ўсім вадаёме. Напрыклад, у доўгіх канавах шырынёй 1-2 м лічынкі рассяляюцца ад месцаў вылуплівання на 40-60 м прыкладна праз месяц. Нягледзячы на гэта, яны трымаюцца чародамі.

Часта можна назіраць вялікую колькасць апалонікаў (3,5-4,5 см), якія ўжо падраслі, у найбольш цёплых участках вадаёмаў, часцей за ўсё на водмелях. У вельмі гарачыя дні, калі тэмпература вады на гэтых участках дасягае 25-27°C, можна ўбачыць незвычайнае відовішча - «кіпенне» вады, якое ствараецца вялікай колькасцю апалонікаў. Яны па чарзе вынырваюць з глыбіні вады, дакранаючыся паверхні ротавай адтулінай, потым зноў ідуць у глыбіню. Гэта адбываецца з-за прыкметнага зніжэння колькасці кіслароду ў вадзе пры павышэнні тэмпературы.

У апалонікаў шмат ворагаў, у асноўным гэта драпежныя водныя жукі і іх лічынкі, а таксама клапы. Напрыклад, у некаторых вадаёмах Бярэзінскага запаведніка да 95% лічынак травяной жабы, якія ўжо дасягнулі памераў 1,5-2,5 см, знішчаецца лічынкамі жука-плывунца і шчыцікаў, якіх у тых месцах вельмі шмат. Вядомы выпадак, калі ўсяго 20 лічынак плывунца знішчылі ў вадаёме ўсё лічынак амфібій (прыкладна 30-40 тысяч) за 12-20 дзён. Акрамя таго, апалонікаў паядаюць рыбы, птушкі, некаторыя рэптыліі.

З моманту вылуплівання лічынак з ікры да пачатку выхаду маладых жабянят на сушу праходзіць ад 50 да 65 сутак. Даўжыня цела лічынак травяной жабы (без хваста) перад ператварэннем у жабянят у розных вадаёмах неаднолькавая і бывае ад 1,2 да 1,6 см. Памеры лічынак меншыя ў тых вадаёмах, дзе развіццё адбываецца пры больш высокай шчыльнасці асобін. Адпаведна з такіх вадаёмаў выходзяць і больш дробныя жабяняты. Звычайна гэта вадаёмы, плошча якіх скарачаецца з-за высыхання, аднак шчыльнасць лічынак можа вызначацца і колькасцю адкладзёнай ікры. Рост і развіццё ікрынак у кожным асобным вадаёме адбываецца вельмі нераўнамерна, а ў выніку выхад маладых жабянят на сушу (завяршэнне метамарфозу) значна расцягнуты ў параўнанні з перыядам вылуплівання лічынак з ікры. Напрыклад, пад Менскам пры перыядзе вылуплівання лічынак на працягу 2-4 дзен выхад сяголеткаў адбываецца на працягу 25-40 дзён. Першыя маладыя жабяняты пачынаюць выходзіць з вадаёмаў на сушу ў чэрвені. Яны некаторы час знаходзяцца каля вадаёма, а потым адыходзяць на значную для іх адлегласць (да 50-100 м). Іншы раз іх так шмат па берагах вадаёма, што немагчыма нават прайсці - усё скача пад нагамі.

Паступова ўсе лічынкі, якія засталіся ў жывых, заканчваюць метамарфоз, і ў вадаёмах да пачатку жніўня становіцца ціха і спакойна. Аднак пры развіцці апалонікаў у халодных, зацененых лясных вадаёмах, дзе мала корму, развіццё можа зацягнуцца да самай восені. У асобных выпадках развіццё нават спыняецца, калі тэмпература вады ніжэй 10°C. Хоць і апісваюцца выпадкі зімовак лічынак на некаторых участках арэала, аднак ва ўмовах Беларусі лічынкі, якія не паспелі завяршыць метамарфоз, гінуць.

З вялізнай масы ікрынак утвараецца не так ужо шмат жабянят: на адну кладку, у якой да 4000 ікрынак, прыпадае толькі 7-40 жабянят. Аднак калі ўлічыць, што гэта па сутнасці «дзеці», то вынік не такі ўжо і дрэнны.

Нярэдка ў месцах з абмежаванай колькасцю вадаёмаў, прыдатных для размнажэння бурых жаб, адбываецца сумеснае нераставанне вастрамордай і травяной жаб. Паколькі травяная жаба прачынаецца раней за вастрамордую, раней пачынае адкладваць ікру і мае больш высокую скорасць эмбрыянальнага развіцця, то яе лічынкі аказваюцца да пэўнага часу старэйшымі і больш буйнымі, чым лічынкі вастрамордай. І вось тут пачынаюць працаваць законы рэгуліроўкі росту і развіцця лічынкавых пасяленняў, паводле якіх больш буйныя лічынкі прыгнечваюць рост і развіццё больш дробных, і наадварот, малодшыя стымулююць старэйшых. За кошт гэтага з вадаёмаў сумеснага размнажэння травяной і вастрамордай жаб пры аднолькавай колькасці адкладзёнай гэтымі відамі ікры ў пераважнай большасці выходзяць сяголеткі травяной жабы. Маляўкі вастрамордай жабы пачынаюць выходзіць на сушу пазней і ў адносна меншай колькасці (25-35% ад агульнай колькасці жабянят абодвух відаў). З павышэннем шчыльнасці лічынак пры высыханні вадаёма колькасць апалонікаў вастрамордай жабы зводзіцца да мінімуму. Менавіта гэтым можна растлумачыць факт перавагі травяной і меншай колькасці вастрамордай жабы ў цэнтральнай частцы Беларусі (Менскае ўзвышша) у параўнанні з паўднёвымі і асабліва паўночнымі раёнамі краіны. Інтэнсіўная асушальная меліярацыя і ўрбанізацыя вядзе да рэзкага змяншэння колькасці вадаёмаў, прыдатных для размнажэння бурых жаб, павялічвае частату выпадкаў сумеснага размнажэння травяной і вастрамордай жаб, што прыводзіць да скарачэння колькасці апошняга віду.

Травяной жабе як даволі шматлікаму віду земнаводных Беларусі належыць важная роля ў натуральных і антрапагенных ландшафтах. Як дарослыя асобіны, так і лічынкі з'яўляюцца кормам для многіх відаў жывёлін. Травяная жаба прыносіць карысць, з'ядаючы шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Масавыя пасяленні апалонікаў садзейнічаюць ачышчэнню вады, прадухіляючы празмернае развіццё водарасцяў. Таму гэты від патрабуе пільнай увагі з боку чалавека.

Паведаміць пра недакладнасьць