Канфэдэрацыя беларускіх суполак (КБС; Канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак), незалежнае грамадзка-палітычнае згуртаваньне моладзі Беларусі ў 1989-1990.

Уваходзілі моладзевыя клюбы, таварыствы, суполкі, якія ставілі мэтай нацыянальна-культурнае, дэмакратычнае адраджэньне і сувэрэнітэт Беларусі. Як канфэдэратыўнае згуртаваньне абвешчанае 14-15.01.1989 на Другім Вальным Сойме Беларускіх Суполак у Вільні.

Створаная нелегальная група «Незалежнасьць» пасьля спыненьня ў 1984 дзейнасьці Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні пастанавіла надалей разьвіваць рух у легальных культурніцкіх формах, маючы на мэце яго палітызацыю. У лютым 1985 група правяла (ва ўрочышчы Смольня Стаўбцоўскага р-ну) нараду моладзі зь Менску, Гомеля, Берасьця і Наваполацку, дзе вырашылі спрыяць стварэньню моладзевых арганізацыяў грамадзка-культурнага кірунку з пэрспэктывай перарастаньня іх у агульнанацыянальны рух. У наступныя гады пачалі дзейнасьць моладзевыя аб'яднаньні «Талака», «Тутэйшыя», «Сьвітанак», «Агмень», «Нашчадкі», рок-клюб «Няміга» (Менск), «Талака» (Гомель), «Паходня» (Горадня), «Крыніцы», «Сакавік» і рок-клюб (Наваполацак), «Узгор'е» (Віцебск), «Край» (Берасьце), «Повязь» (Ворша), «Рунь» (Ліда), «Сябрына» (Вільня), «Маладзік» (Полацак) і інш. Галоўныя іх кірункі ў 1985-1989 - асьветная дзейнасьць, адраджэньне народных сьвятаў, археалягічна-рэстаўрацыйная праца і ахова помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганьне за стварэньне беларускіх клясаў і школаў, за абвешчаньне беларускай мовы дзяржаўнай, правядзеньне рок-фэстаў. У ліку іх найбуйнейшых акцыяў былі масавыя палітызаваныя сьвяткаваньні Купальля; беларуска-латыскае экалягічна-патрыятычнае воднае ралі пратэсту супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС «Дзьвіна - Daugava-87» (29.04-03.05.1987); экалягічная экспэдыцыя «Прыпяць-88» (травень 1988); ушанаваньне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (01.11.1987); мітынгі ў Менску ў абарону гістарычнай забудовы Верхняга гораду (20.03.1988); у Курапатах (19.06.1988), каля Ўсходніх могілак у Менску (30.10.1988); публічнае ўзьняцьцё пытаньня пра вяртаньне гістарычнай сымболікі (жнівень 1988); удзел у стварэньні «Камітэту-58», таварыства «Мартыралёг Беларусі», Аргкамітэту БНФ «Адраджэньне».

Дзеля захаваньня легальнага статусу суполкі часова кантактавалі з ЛКСМБ. У 1987 пры ўдзеле ЦК ЛКСБМ прайшлі 2 каардынацыйныя нарады беларускіх суполак у Менску і Полацку. У выніку радыкалізацыі моладзевы нацыянальна-культурны рух на працягу 1988 цалкам пазбавіўся апекі камсамолу. Першы Вальны Сойм Беларускіх Суполак 26-27. 12.1987 у в. Палачанка Валожынскага р-ну вызначыў курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэньне Беларусі, выказаўся за дзяржаўнасьць беларускае мовы. У працэсе падрыхтоўкі да Другога Вальнага Сойму Беларускіх Суполак 20-21.08.1988 у Менску адбылася нарада. Умовы правядзеньня Сойму, прапанаваныя Менскім гарвыканкамам, вымусілі правесьці Сойм у Вільні. Другі Вальны Сойм прыняў назоў КБС і ўтварыў Каардынацыйную раду. Канфэдэрацыя зьвярнулася да Аргкамітэту БНФ з просьбай лічыць яе аддзелам БНФ і ўлічыць плятформу КБС, распрацоўваючы праграму БНФ.

У 1989-1990 КБС правяла шэраг агульнабеларускіх культурных, грамадзкіх і палітычных акцыяў: Каляды, Купальлі, Дзяды (у Менску, Магілеве і інш.). Суполкі КБС працавалі на раскопах і музэйных талоках, у верасьні 1989 адзначылі пад Воршай 475-я ўгодкі аршанскай бітвы 1514, удзельнічалі ў Рэспубліканскім Студэнцкім Форуме 21-23.11.1989, у асноўных акцыях БНФ, правялі экалягічныя рэйды «Беларусь - Дзявочая Гара - Ракаў» (травень 1989) і «Беларусь - бязьядзерная зона» (на ракетных базах Лідчыны, красавік - травень 1990), наладзілі Купальле ў Вязынцы з удзелам беларускае моладзі з розных краінаў сьвету (24-25.06.1990). З 1989 КБС выдавала ўласную пэрыёдыку (бюлетэні): «Супольнасьць», «Весткі Адраджэньня», «Студэнцкая думка» (як выданьне КБС выйшлі №№ 5, 6 за 1989).

У 1990 КБС як каардынацыйны орган інтэгравалася ў БНФ «Адраджэньне». Частка суполак спыніла актыўнасьць («Сьвітанак», «Тутэйшыя», «Маладзік»), іншыя абнавілі склад і працягвалі дзейнасьць («Паходня», менская і гомельская «Талака», «Выбранецкія шыхты» і інш.). Актывісты КБС утварылі ў 1990 Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў.

Літ.: 1. Гражданские движения в Белоруссии: Документы и материалы, 1986-1991. Масква, 1991; 2. Лаврик Ю. Самиздат в Белоруссии // Советская библиография. 1991, № 5; 3. Рощин М.Ю. Неформальное движение среди белорусской молодежи / Молодёжный ренессанс (Проблемы социализации молодёжи). - Масква, 1990. Гэты артыкул друкаваўся: Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 4. Менск, 1997. С. 92-93; Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Выпуск 3-4 (5-6). Вясна, 1998. С. 28, 44.

Вінцук Вячорка

Паведаміць пра недакладнасьць