Архітэктура (лац. architectura ад грэч. architekionike - будаўнічае мастацтва), дойлідства, мастацтва праектавання і пабудовы будынкаў розных тыпаў, якое выяўляе ў мастацка-вобразнай форме ўяўленні чалавека пра свет, прастору, час. Творы А. - будынкі, ансамблі, а таксама пабудовы, якія арганізуюць адкрытыя прасторы (манументы, тэрасы, набярэжныя і т.д.). Фармуе прастору для жыцця, працоўнай дзейнасці і адпачынку людзей. Паводле функцыянальнага прызначэння яна падзяляецца на жылую А., прамысловую А., А. грамадскіх будынкаў і збудаванняў, садова-паркавую А. Асноўнымі крытэрыямі і прынцыпамі дойлідства выступаюць мэтазгоднасць, карыснасць, трываласць, прыгажосць. Вобразна-эстэтычны пачатак у А. звязаны з яе сацыяльнай функцыяй і праяўляецца ў фармаванні аб'ёмна-прасторавай і канструктыўнай сістэмы пабудоў. Асноўныя выразныя сродкі А. - кампазіцыя, рытм, архітэктоніка, маштаб, пластыка, сінтэз мастацтваў і інш. Спецыфіка нацыянальнага характару А. абумоўлена гістарычным развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і мастацкімі традыцыямі пэўнага народа. А. зарадзілася ў першабытным грамадстве, калі чалавек навучыўся будаваць сваё жыллё. Выдатнымі ўзорамі старажытнай А. выступаюць старажытнаэгіпецкія піраміды, храмы, месапатамскія зікураты, старажытнаіндыйскія ступы, Вялікая Кітайская сцяна і г.д. Паспяховае развіццё А. атрымала ў эпоху антычнасці, дзе яе найбольш яркімі ўзорамі з'яўляюцца храмы, акропалі, форумы, акведукі, тэатры, амфітэатры, тэрмы, базілікі, трыумфальныя аркі і інш. Візантыйская А. аказала істотны ўплыў на традыцыі дойлідства многіх эўрапейскіх краін. У краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы з канца 10 - пачатку 11 ст. пачаў распаўсюджвацца раманскі стыль, а з 12 ст. - гатычны (готыка). У эпоху Адраджэння пашырылася будаўніцтва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. З канца 16 ст. у эўрапейскіх краінах пачаў распаўсюджвацца стыль барока. У другой палове 17 ст. у Францыі пачала складвацца А. класіцызму, якая была галоўным кірункам і ў 18 - першай палове 19 ст. пасля кароткатэрміновай успышкі стылю ракако. У канцы 19 ст. ўзнік стыль мадэрн, у 20 ст. развіваліся такія стылі і кірункі, як рацыяналізм, функцыяналізм, арганічная архітэктура, бруталізм і інш. У 1970-1980-я г. ў ЗША і Заходняй Эўропе ўзнік постмадэрнізм.

На тэрыторыі Беларусі найбольш раннія жылыя збудаванні вядомы з часоў палеаліту (стаянкі каля вёскі Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці). У сярэднявечную эпоху ўзведзена мноства храмаў, манастыроў, княжацкіх палацаў, замкаў. У 12-14 ст. склаліся розныя школы дойлідства - кіеўская, пскоўская, ноўгарадская, полацкая, гарадзенская і інш., а на працягу 14-16 ст. як адметны культурны феномен сфармавалася беларуская А. Яркімі ўзорамі рэнесанснай А. ў Беларусі сталі культавыя (напр., Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), замкава-палацавыя (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовы. Першы помнік барочнай А. ў Беларусі - Нясвіжскі касцёл езуітаў. З другой паловы 17-18 ст. атрымаў пашырэнне стыль класіцызму. У другой палове 19 - пачатку 20 ст. пачалі ўзводзіць будынкі ў розных стылях і плынях - неакласіцызм, неарускі і неараманскі стылі, несапраўдная готыка, мадэрн. У 1920-я г. пачалі складвацца прынцыпы савецкай А., што выявілася ў будаўніцтве рабочых пасёлкаў, дамоў-камун, дамоў спецыялістаў, культурна-асветных устаноў. У 1960-1980-я г. пашырылася жыллёвае будаўніцтва, пачалася комплексная забудова жылых масіваў многіх гарадоў Беларусі, актыўна развіваліся сельская і прамысловая А.

Паведаміць пра недакладнасьць