Вашчанка Гаўрыла (н. 1928), беларускі мастак, жывапісец. Народны мастак Беларусі (1988). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1987). Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1955). Працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, роздумам над актуальнымі праблемамі часу і мінуўшчынай роднай зямлі, патрыятызмам: «Маё Палессе», «Дума пра хлеб» (абедзве 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974) і інш. Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі - Я.Купалы, Я.Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.Астрожскага, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. Персанальная карцінная галерэя В. з 2002 дзейнічае ў Гомелі. Зрабіў манументальныя размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка ў Менску), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974, Менск) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць