Славянскіх народаў культуры, сукупнасць культурных здабыткаў славян - народаў, аб'яднаных блізкасцю моў і агульнасцю паходжання (расейцы, украінцы, беларусы, палякі, чэхі, славакі і інш.). С.н.к. як унікальныя феномены духоўнага жыцця склаліся адносна позна - у эпоху Сярэднявечча. Ад старажытнага перыяду славянскай гісторыі захаваліся розныя гістарычныя сведчанні - найперш рэшткі курганоў, умацаваных паселішчаў, капішчы, прадметы рэлігійнага рытуалу, паўсядзённга жыцця, ювелірныя знаходкі і інш. У развіцці славянскіх культур значную ролю адыгрывалі рэлігійныя погляды, уяўленні - спачатку язычніцтва, а потым хрысціянства. Славянскія культуры мелі звычайна менш выяўлены прагматычны і рацыянальны пачатак (у параўнанні з заходнеэўрапейскай культурай), у іх немалую ролю ва ўсе часы адыгрываў эмацыйна-пачуццёвы пачатак. Культурнае развіццё славянскіх народаў адбывалася нярэдка ў надзвычай складаных знешніх і ўнутраных умовах (войны, міжусобныя сутыкненні, эпідэміі і г.д.). У раннім Сярэднявеччы ўзровень развіцця славянскіх культур быў ніжэйшым у параўнанні з тагачаснымі лідэрамі культурна-гістарычнага працэсу - Візантыяй і Кітаем. У славян не было сваіх уласных дзяржаў, развітай пісьменнасці, гарадоў і інш. Аднак з часоў позняга Сярэднявечча і Адраджэння пачалося даволі хуткае развіццё С.н.к. У наступныя стагоддзі найбольш высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў славянскіх народаў такія віды мастацкай культуры, як архітэктура, вусная народная творчасць (фальклор), літаратура, кнігадрукаванне; менш развітымі былі адпаведна выяўленчае мастацтва, навука, музыка, рэлігійна-філасофская думка.

Паведаміць пра недакладнасьць