Жывёльны свет

Як і ў іншых рэгіёнах Зямлі, жывёльны свет Беларусі фарміраваўся ў цеснай сувязі з геалагічнай гісторыяй тэрыторыі, зменьваўся пад непасрэдным уплывам змен клімату, рэльефу, расліннасці. У сучаснай фауне краіны больш за 400 відаў пазваночных і некалькі дзесяткаў тысяч беспазваночных жывёл. Аснову жывёльнага свету складаюць шырока распаўсюджаныя ў Паўночным паўшар'і віды: звычайны вожык, крот, ліс, воўк, звычайная вавёрка, шэрая курапатка, цецярук, шызы голуб, звычайная зязюля, порсткая яшчарка, шэрая рапуха, жабы і інш. З прадстаўнікоў паўднёвай стэпавай фауны ў краіне жывуць: заяц-русак, звычайны хамяк, рабы суслік, малая буразубка, чубаты жаваранак, балотная чарапаха, сцерлядзь і інш. Вялікі ўплыў на склад фауны робіць дзейнасць чалавека. У 17-19 стагоддзях у выніку палявання на тэрыторыі Беларусі вынішчаны еўрапейскі тур, тарпаны (дзікія коні), высакародныя алені, собаль, расамаха, дзікі кот. За апошнія 100-150 гадоў зніклі ружовы пелікан, вялікі баклан, турпан, коўпіца, стрэпет, бялуга, рускі асетр, сёмга, кумжа, сіг, корушка, выразуб. Пад пагрозай гнездаванне лапландскай няясыці, беркута, арлана-белахвоста, аўдоткі, толькі ў Белавежскай пушчы захаваўся зубр.

Найлепш даследаваны млекакормячыя, птушкі, земнаводныя, паўзуны, рыбы, менш насякомыя, прасцейшыя, чэрві, малюскі, рака- і павукападобныя. Пазваночныя насяляюць самыя розныя тэрыторыі Беларусі і групуюцца ў прыродныя комплексы: лясоў, адкрытых ландшафтаў (палёў і лугоў), узбярэжжаў і вадаёмаў, балот, паселішчаў. Фауна самых пашыраных у Беларусі хваёвых лясоў, асабліва лішайнікавых і верасовых, аднастайная таму, што ў іх мала корму для жывёл і няма падлеску - укрыцця ад ворагаў. Тут нярэдка селіцца ліс, барсук, лясная рыжая палёўка, звычайная буразубка, вавёрка; на ўзлесках і ў зрэджаных барах трапляюцца заяц-русак, крот. У хвойніках, якія мяжуюць з балотамі, бываюць казуля, лось, зрэдку дзік. У мяшаных хваёвых лясах селіцца рыжая вячэрніца, двухкаляровы кажан, паўночны кажанок. У чарнічных і арляковых барах кормяцца вывадкі глушцоў і цецерукоў, каля вадаёмаў гняздуецца шэрая чапля. Часта трапляюцца ў хваёвых лясах дзятлы, сойка, пішчуха, пеначкі, шэрая мухалоўка. Небагатая ў барах фауна паўзуноў і земнаводных: на высечках, парослых маладымі хвойнікамі, жыве порсткая яшчарка, на ўзлесках і палянах - вераценніца ломкая і жывародная яшчарка, у сырых зацененых мясцінах - вуж і гадзюка, шэрая рапуха, травяная і вастрамордая жабы. Жывёльны свет яловых лясоў у параўнанні з фаунай хвойнікаў значна багацейшы. У ельніках больш корму, лепшыя мікракліматычныя і ахоўныя ўмовы. Тут трапляюцца крот, буразубкі, часам лясная рыжая палёўка, лясная і жаўтагорлая мышы, ёсць лясная куніца, на ўзвышаных і сухіх месцах - ліс і барсук. Зімой ельнікаў трымаецца заяц-бяляк, мясцін з густым падлескам - лось, дзік, у пошуках корму заходзіць воўк. Багатае птушынае насельніцтва: пашыраны крыжадзюб-яловік, рабчык, чорны дзяцел, вераб'іныя, у маладых ельніках - сойкі, трапляюцца мухалоўкі, сініцы, пеначкі, дразды, берасцянка. Водзяцца жывародная яшчарка, вуж і гадзюка, ломкая, травяная і вастрамордая жабы, часам шэрая рапуха і вераценніца. Багаты жывёльны свет шыракалістых і мяшаных лясоў, дзе спрыяльныя для жывёл умовы - шмат'ярусная расліннасць і вялікая колькасць корму. Тут больш лятучых мышэй, мышападобных грызуноў, соняў. На забалочаных мясцінах, палянах, каля лясных вадаёмаў жывуць казуля, высакародны алень, лось, дзік, тхор, лясная куніца. У лісцевых лясах трапляюцца барсук, воўк, янотападобны сабака, у глухіх кутках на поўначы - зрэдку буры мядзведзь. У Белавежскай пушчы жыве зубр. У алешніках жывуць куніца, гарнастай, ласка, янотападобны сабака, воўк, рысь. Разнастайныя ў шыракалістых і мяшаных лясах птушкі: пеначкі, сініцы, івалга, зелянушка, зязюля, шчыгол, цецярук, канаплянка, салавей, на поўдні - дубанос, дрозд-рабіннік, дзяраба, чорны дрозд. З драпежнікаў ёсць ястраб-цецяроўнік, перапёлачнік, канюк, чорны каршун. Значна больш, чым у іншых тыпах лясоў, земнаводных і паўзуноў. Спецыфічны жывёльны свет адкрытых ландшафтаў. Тыповы насельнік палёў - заяц-русак. У хмызняках часам жывуць ліс, гарнастай, ласка, на лугах - крот, з птушак - перапёлка, палявы жаваранак, шэрая курапатка, жоўтая сітаўка, лугавы чакан, драч, мышаловы. На палях кормяцца вераб'і, галубы, шпакі, гракі, вароны. Пашыраны порсткая яшчарка, жабы, рапухі. На балотах са звяроў водзяцца ласка, чорны тхор, на лясных балотах часам лось і казуля. Больш грызуноў - палёўкі, мыш-малютка, шмат земнаводных. З птушак трапляюцца белая курапатка (на поўначы), шэры журавель, балотная сава, цецярук і глушэц. На ўзбярэжжах вадаёмаў асабліва шмат птушак: кулікі, чайкі, качкі, чаплі, бугаі, у хмызняках - вераб'іныя. З млекакормячых каля вадаёмаў жывуць бабёр, андатра, норкі, выдра, вадзяны пацук. Ёсць земнаводныя. У рэках, азёрах, вадасховішчах пашыраны шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карасі, гусцяра, пячкур, краснапёрка, ялец. Каля жылля з пазваночных жывёл найбольш птушак: вераб'і, ластаўкі, шпакі, галубы, сарокі, сініцы, вароны. З млекакормячых водзяцца мышы, пацукі, крот. У пабудовах селяцца лятучыя мышы, совы, зрэдку чорны тхор, ласка. Пушныя звяры, розныя віды дзічыны - аб'ект паляўнічага промыслу (гл. Паляўніча-прамысловыя жывёлы). Буйная галіна эканомікі - жывёлагадоўля (гл. Свойскія жывёлы). Многія віды жывёл ахоўваюцца (гл. Ахоўныя жывёлы), завозяцца ў краіну для рассялення з іншых месцаў (гл. Акліматызацыя жывёл). Абмяжоўваецца колькасць жывёл, шкодных чалавеку і яго гаспадарцы (гл. Шкоднікі лесу і сельскай гаспадаркі).

Паведаміць пра недакладнасьць