Гойя Франсіска (1746-1828), гішпанскі жывапісец, гравёр, малявальшчык. У 1780 быў абраны ў мадрыдскую Акадэмію мастацтваў, у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». З 1824 жыў і працаваў у Францыі. Яго творчасць вызначалася смелым наватарствам, страснай эмацыянальнасцю, фантазіяй, спалучэннем гратэску і рэальнасці, алегорыі і фантастыкі, вострай сацыяльнай сатырай і цвярозым аналізам рэчаіснасці, сімвалізмам, адчуваннем трагізму чалавечага жыцця: партрэты «Сям'я караля Карла IV» (1800), графіка - серыі афортаў «Капрычос» (1797-1798), «Бедствы вайны» (1810-1820), карціны «Маха апранутая» і «Маха аголеная» (абедзве каля 1802), «Паўстанне 2 траўня 1808 года ў Мадрыдзе» (каля 1814), роспісы «Дома глухога» (загараднага дома, дзе ён жыў некалькі гадоў) і інш. Аднак і ў самых змрочных уяўленнях жорсткая цемра не можа падавіць уласцівае мастаку адчуванне вечнага руху, пастаяннага абнаўлення жыцця, што стала лейтматывам у карціне «Пахаванне сардзінкі» (каля 1814) і ў серыі афортаў «Таўрамахія» (1815). Уплыў творчасці Г. на жывапіс і графіку меў агульнаэўрапейскі характар і адчуваецца да сучаснасці.

Паведаміць пра недакладнасьць