Гратэск (франц. grotesque - мудрагелісты, вычварны, смешны, ад лац. grotta - грот),

1) арнамент, у якім вычварна, фантастычна спалучаюцца дэкаратыўныя і выяўленчыя матывы (расліны, жывёлы, чалавечыя формы, маскі);

2) від мастацкай вобразнасці, які камічна ці трагікамічна абагульняе і завастрае жыццёвыя адносіны дзякуючы вычварнаму і кантрастнаму спалучэнню рэальнага і фантастычнага, праўдападобнага і карыкатурнага, гіпербалы і алегорыі. Тэрмін «Г.» уведзены ва ўжытак у 15-16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, што захаваліся на сценах антычных пабудоў (гротаў, адсюль і назва). Г. з'яўляецца неад'емным элементам т.зв. «смехавой культуры», што адлюстроўвалася ў выявах людзей ці асобных прадметаў у фантастычна-гіпербалізаваным, пачварна-камічным выглядзе ў творах літаратуры, выяўленчага і тэатральнага мастацтва. Як сродак стварэння мастацкага вобраза Г. характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаўнады і інш. У літаратуры з антычных часоў і да сучаснасці Г. быў уласцівы мастацкаму мысленню (творы Арыстафана, Лукіяна, Ф.Рабле, Э.Т.А.Гофмана, М.Гогаля, М.Твэна, Ф.Кафкі і інш.). У мастацтве Г. вядомы з эпохі Сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, фантастычныя мініяцюры на палях рукапісаў). Вяршыні мастацкай выразнасці Г. дасягнуў у эпоху Рэнесансу (Х.Босх, П.Брэйгель і інш.). Характэрны для сюррэалізму, экспрэсіянізму і г.д.

Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва беларускаму фальклору (у т.л. казачнаму эпасу). У беларускай літаратуры элементы Г. выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай літаратуры, парадыйна-сатырычнай прозы, у інтэрмедыях. Прыёмы Г. ўласцівы многім узорам беларускай драматургіі (п'есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка і інш.). У беларускім выяўленчым мастацтве 19-20 ст. Г. нярэдка сустракаецца ў творах сатырычнай, востра-сацыяльнай накіраванасці (працы А.Бартэльса, С.Богуш-Сестранцэвіча, Я.Драздовіча, А.Волкава, В.Славука, А.Карповіча, Л.Чурко і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць