Графіка (ад грэч. grapho - пішу, малюю), від выяўленчага мастацтва, заснаваны на насяненні малюнка на пэўную плоскасць. Творы Г. звычайна выконваюцца на паперы; у параўнанні з жывапіснымі работамі яны найчасцей маюць меншы, невялікі фармат. Асноўныя сродкі выразнасці - контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша. Г. падзяляецца на станковую (малюнак, які не мае прыкладнога значэння, лубок, эстамп), кніжную і газетна-часопісную (ілюстрацыя і інш.), прыкладную (экслібрыс і інш.), плакат. Сярод розных жанраў Г. найбольш распаўсюджаны пейзаж і партрэт. Для Г. ўласцівы лаканічнае, завостранае выяўленне пачуццяў і думак аўтара, здольнасць хутка адгукацца на важныя падзеі грамадскага жыцця, магчымасць развіваць абраную тэму, сюжэт у цыклах, серыях выяў. Найбольш старажытны і традыцыйны від графічнага мастацтва - малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў антычным вазапісе. Гравюра як асобны від мастацтва графікі вядомая з 6-7 ст. у Кітаі, з 14-15 ст. у Эўропе. Станковая Г. пачала распаўсюджвацца з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17-19 ст. у розных відах Г. працавалі Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, Ф.Гойя, Э.Дэлакруа, Д.Энгр, А.Кіпрэнскі, у 20 ст. - П.Пікасо, А.Маціс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі і інш.

У Беларусі Г. вядома з 11-12 ст., калі яе творамі аздабляліся рэлігійныя рукапісныя кнігі (Аршанскае евангелле, Полацкае евангелле, Тураўскае евангелле і інш.). У сувязі з пачаткам і пашырэннем кнігавыдавецкай справы (дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў) узнікла друкаваная Г. У 17-18 ст. пашырыўся дыяпазон Г. ў кніжным мастацтве Беларусі. З 19 ст. Г. пачала выкарыстоўвацца ў газетна-часопісных выданнях. У першай трэці 20 ст. хутка і плённа развіваліся выдавецкая (яе вядомыя прадстаўнікі - Я.Драздовіч, А.Ахола-Вало, М.Філіповіч, Б.Малкін і інш.) і станковая Г. (А.Астаповіч, Я.Мінін, З.Гарбавец і інш.). У 1927 лепшыя ўзоры беларускай кніжнай Г. былі паказаны на міжнароднай выстаўцы ў Лейпцыгу (Германія). З 1930-х г. мастацтва Г. знаходзілася ў заняпадзе. У 1960-1970-я г. майстры беларускай Г. (А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Г.Паплаўскі, Я.Кулік, М.Купава, У. і М. Басалыгі) зацікавіліся традыцыямі народнага мастацтва, пачалі ўдзяляць больш увагі гісторыка-культурнай спадчыне беларускага народа. У 1980-1990-я г. найбольшых поспехаў беларуская Г. дасягнула ў афармленні кніг для дзяцей і юнацтва (В.Славук, М.Селяшчук, У.Савіч, Т.Беразенская і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць