Грэцыі Старажытнай культура, сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, нормаў, стэрэатыпаў паводзін і мыслення старажытных грэкаў. Яе зараджэнне звычайна звязваецца з узнікненнем у 8-7 ст. да н.э. старажытнагрэчаскай літаратуры (Гамер, Гесіёд). Галоўныя адметныя рысы Г.С.к.: высокае развіццё літаратуры, архітэктуры, вытанчанасць, ушанаванне многіх багоў і божастваў, аганальнасць і да т.п. Спадчынай старажытнагрэчаскай цывілізацыі і культуры з'яўляюцца класічны тэатр, Алімпійскія гульні, дэмакратыя, грамадзянскае права, мецэнацтва, дыялог, ордэр архітэктурны, галоўныя жанры і віды літаратуры (эпічная паэма, ідылія, трагедыя, камедыя, ода, элегія, лірыка, сатыра, эпіграма, байка і інш.), сістэма адукацыі і да т.п. У значнай ступені Г.С.к. склала своеасаблівы падмурак далейшага развіцця эўрапейскай культуры. На працягу многіх стагоддзяў (асабліва з эпохі Адраджэння) грэчаскае мастацтва было ўзорам для творчага пераймання. Старажытнагрэчаская міфалогія і літаратура з'яўляюцца невычэрпнай крыніцай натхнення паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, а тагачасная філасофія (найперш Платон і Арыстоцель) аказала надзвычай моцны ўплыў на далейшае развіццё сусветнай філасофскай думкі. Старажытныя грэкі многае перанялі ў эгіпцян, вавіланян, аднак змаглі давесці гэтыя навацыі да класічных формаў і вышэйшай дасканаласці. Адной з асаблівасцей старажытнагрэчаскай культуры было ўспрыманне мастацтва як своеасаблівага катарсісу (ачышчэння душы); у ёй практычна заўсёды дамінаваў эстэтычны пачатак, што выяўлялася ў надзвычай важным значэнні такіх катэгорый, як прыгажосць, мера і гармонія. У цэлым старажытнагрэчаская культура развівалася даволі хутка і дынамічна (у адрозненне ад надзвычай статычнай культуры Старажытнага Эгіпта). Імклівы росквіт гэтай культуры складае аснову т.зв. «грэчаскага цуду», сутнасць якога заключаецца ў тым, што толькі грэчаскаму народу амаль адначасова і практычна ва ўсіх галінах культуры ўдалося дасягнуць небывалых творчых вышыняў.