Камедыя (ад грэч. komos - вясёлая працэсія + oide - песня), адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з'явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру - трагедыі. Сярод асноўных разнавіднасцей К. - памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, фарс, буфанада і г.д. Сродкамі камедыйнай выразнасці выступаюць іронія, гумар, пародыя, гратэск, сарказм і інш. Высмейвае негатыўныя з'явы сацыяльнага жыцця, заганы чалавечага характару, з дапамогай смеху сцвярджае станоўчы ідэал. Узнікла ў Старажытнай Грэцыі на мяжы 6-5 ст. да н.э. з выкрывальных песняў удзельнікаў святочных святаў і з фальклорных бытавых, парадыйна-міфалагічных сцэнак. Тады К. характарызавалася вострай палітычнай накіраванасцю, фантастычнымі і рэальнымі сюжэтамі, у якіх дзейнічалі міфічныя персанажы, жывёлы, гетэры, воіны, палітыкі, дзеячы культуры і да т.п. «Бацькам» К. лічыцца старажытнагрэчаскі драматург Арыстафан. Была вядома ў Старажытным Рыме (камедыёграфы Ц.Плаўт, П.Тэрэнцый), у Сярэднявеччы (пераважна ў форме фарсаў і інтэрлюдый). Найбольшага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, У.Шэкспіра, Ж.Б.Мальера і інш. Значны ўплыў на заходнеэўрапейскую К. аказала італьянская «камедыя дэль артэ» (камедыя масак), спектаклі якой ставіліся падчас святаў на плошчах і вуліцах гарадоў. Паспяхова развівалася ў 18-19 ст. у розных эўрапейскіх краінах - Італіі (К.Гоцы, К.Гальдоні), Англіі (Г.Філдынг, Ф.Шэрыдан), Расеі (І.Крылоў, А.Грыбаедаў, М.Гогаль, М.Салтыкоў-Шчадрын). У Беларусі К. вядома са старажытнасці; яе элементы праяўляліся ў народных гульнях, святах, рытуалах, тэатралізаваных паказах. У пастаноўкі школьнага тэатра, народнай драмы, батлейкі ўключаліся камедыйныя сцэнкі. У другой палове 19 ст. на высокі прафесійны ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты». У пачатку 20 ст. выдатныя камедыйныя п'есы пісалі Я.Купала, У.Галубок, К.Каганец, М.Чарот і інш. Яркія ўзоры К. стварылі К.Крапіва, В.Вольскі, А.Макаёнак, М.Матукоўскі, А.Петрашкевіч, А.Дудараў, якія вызначаліся актуальнасцю зместу, каларытнасцю характараў, непрымірымасцю да чалавечых заган, сцвярджэннем гуманістычных ідэалаў.