Ісламская культура, сукупнасць культурных дасягненняў народаў мусульманскага свету. Ісламская цывілізацыя і культура склаліся на землях Арабійскага паўвострава (цяпер - тэрыторыя Саудаўскай Арабіі), дзе пераважалі пустыні і паўпустыні. Арабскія плямёны жылі пераважна ў аазісах, займаліся качавой жывёлагадоўляй, прычым яны найчасцей варагавалі паміж сабой. На культуру ісламскіх народаў аказалі неадназначны ўплыў культурныя традыцыі іншых народаў свету - персаў, эгіпцян, візантыйцаў, грэкаў і інш. Сярод найбольш важных асаблівасцей І.к. - прыкметны традыцыяналізм, кансерватызм, устойлівасць; нясхільнасць да хуткіх навацый, радыкальных пераўтварэнняў і да т.п.; строгі монатэізм (адзінабожжа) пасля ўзнікнення мусульманства; недастаткова высокі ўзровень развіцця навукі і тэхнікі; адносна слабое развіццё выяўленчага мастацтва (найперш разнастайныя арнаменты, у т.л. і арабескі), тэхнікі; высокі ўзровень літаратуры (найперш лірычнай паэзіі), культавай архітэктуры (пераважна мячэці), асобных навук (астраномія, медыцына, матэматыка). У культуры ісламскіх народаў надзвычай важную ролю адыгрывала рэлігія - іслам, які нібы «пранізваў» практычна ўсе бакі жыццядзейнасці грамадства. Асаблівасцю ісламскага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з'яўляецца забарона рабіць выявы Бога і чалавека, абмежаванні на выявы жывых істот. Штодзённае жыццё ўсіх мусульман прадвызначаецца нормамі т.зв. «шарыята» (ад арабск. «шарыя» - патрэбны, неабходны шлях), у якім зафіксаваны агульныя палажэнні Карана і Сунны. Шарыят вызначае нормы маралі, права, этычныя, культурныя і іншыя ўстаноўкі, якія датычацца асабістага і грамадскага жыцця мусульман.

Паведаміць пра недакладнасьць