Каруза Энрыка (1883-1927), італьянскі оперны спявак (лірыка-драматычны тэнар). Буйнейшы майстар бельканта. Першы тэнар, які пачаў запісвацца на пласцінкі. З 1891 займаўся ў школе спеваў у Г.Верджыне. З 15 гадоў спяваў у царкоўным хоры. Оперны дэбют К. адбыўся ў лістападзе 1894 у Неапалітанскім тэатры. У 1895-1898 выступаў у многіх гарадах Італіі, у 1900-1901 спяваў на сцэне міланскага тэатра «Ла Скала». У 1903-1920 вядучы саліст тэатра «Метраполітэн-опера» (Нью-Ёрк). З 1898 з трыумфальным поспехам гастраляваў у многіх краінах свету (у т.л. у Расеі - 1898, 1900). З 1903 стаў найбольш яркай зоркай нью-ёркскага тэатра «Метраполітэн-опера». Меў багаты, разнастайны рэпертуар, у які ўваходзілі галоўныя партыі шэрагу італьянскіх і французскіх опер. З аднолькавым поспехам выконваў партыі драматычнага і лірычнага плану, пераважна ў операх Дж.Вердзі («Рыгалета», «Трубадур», «Бал-маскарад», «Аіда»), а таксама кампазітараў-верыстаў («Паяцы» Р.Леанкавала, «Багема», «Тоска» Дж.Пучыні) і інш. Яго надзвычай гучны, гнуткі, непаўторнага тэмбру, выдатна рэзаніраваны голас меў барытонавую сілу і вызначаўся мяккім лірызмам, эмацыянальнай пранікнёнасцю. Адзін з лепшых выканаўцаў неапалітанскіх песень.