Культурны герой (англ. culture hero), міфічны персанаж, які здабывае для людзей розныя прадметы культуры (агонь, культурныя расліны, прылады працы), вучыць іх розным рамёствам, мастацтвам, уводзіць пэўную сацыяльную арганізацыю, шлюбныя правілы, магічныя прадпісанні, рытуалы і святы, будуе жыллё і інш. Уяўленні пра К.г. сфармаваліся ў старажытнасці, у перыяд сінкрэтычнага адзінства першабытнай культуры. У міфах, легендах многіх народаў яму прыпісваецца ўдзел у тварэнні Сусвету, прыродных з'яў, стыхій - напр., устанаўленне нябесных свяцілаў, барацьба з сіламі хаосу, цемры, рэгуляванне змены дня і ночы, пораў году, удзел у фармаванні і выхаванні першых людзей і да т.п. К.г. з'яўляецца своеасаблівым пасярэднікам паміж багамі і людзьмі. З яго вобразам звязана выдзяленне культуры як сферы штучна створанага, другаснага на фоне натуральнага, прыроднага. Нярэдка К.г. выступае ў ролі дэміурга - першапродка, удзельніка працэсу стварэння свету і людзей. Ён звычайна здабывае людзям усякія даброты рознымі шляхамі - выпадковай знаходкі, выкрадання, уласнага вынаходніцтва. Найбольш вядомымі з сусветных міфалогій з'яўляюцца такія К.г., як Геракл, Праметэй, Тэзей, Апалон (Старажытная Грэцыя), Асірыс (Старажытны Эгіпет), Одзін (скандынаўская міфалогія) і інш. Найчасцей К.г. валодае магічнай сілай, звышнатуральнымі здольнасцямі. Ён можа мець не толькі антрапаморфны, але і зааморфны (жывёльны, звярыны) выгляд - антылопы, мураша, дзікабраза, павука, хамелеона і г.д. Антыподам К.г. выступае т.зв. трыкстэр (напр., грэчаскі Гермес). Вобразы К.г. і яго камічнага дублёра - трыкстэра - з'яўляюцца цэнтральнымі персанажамі не толькі архаічнай міфалогіі, але і ўсяго першабытнага фальклору ў цэлым.