Культурны шок, неўсвядомленая і глыбокая рэакцыя індывіда або якой-небудзь супольнасці пры сутыкненні з іншай культурай. Паняцце «К.ш.» увёў у навуковы ўжытак амерыканскі антраполаг Ф.Боас. Сутнасць К.ш. - канфлікт старых (звыклых, «сваіх») і новых (нязвыклых, «чужых») культурных норм і арыентацый, або канфлікт двух культур на ўзроўні індывідуальнай свядомасці. Выяўляецца ў адчуванні бездапаможнасці і дэзарыентаванасці, якія перажывае чалавек у няродным, «чужым» для яго грамадстве. На думку замежных антраполагаў, існуюць розныя спосабы вырашэння падобнага канфлікту. Сярод іх т.зв. «гетаізацыя» (ад слова «гета»), калі бежанцы ці эмігранты ствараюць уласны этнакультурны асяродак - асобныя замкнёныя і ізаляваныя раёны ў буйных гарадах і да т.п.; поўная ці частковая асіміляцыя, што праяўляецца ў большым ці меншым засваенні каштоўнасцей, культурных здабыткаў іншаэтнічнага асяроддзя; культурны абмен і ўзаемадзеянне, калі прыезджыя імкнуцца засвоіць іншую культуру і ўнесці ў яе пэўныя элементы, каштоўнасці сваёй роднай культуры; каланізацыя, калі навічкі спрабуюць навязаць абарыгенам свае правілы паводзін і культурныя нормы.

Паведаміць пра недакладнасьць