Магія (ад грэч. mageia - чараўніцтва, вядзьмарства), сукупнасць абрадаў і рытуальных дзеянняў, звязанах з верай у звышнатуральную здольнасць чалавека ўздзейнічаць на людзей і з'явы прыроды. М. узнікла ў першабытным грамадстве і існавала адначасова з анімізмам, татэмізмам, фетышызмам і інш. Паколькі магі нярэдка валодалі дарам яснабачання, лекарства, праводзілі містычныя абрады і рытуалы, займаліся астралогіяй, тлумачэннем сноў, то пазней ад назвы гэтага племені паходзіць і само слова «магія». Традыцыйна вылучаюцца наступныя разнавіднасці М.: кантактная (заснаваная на непасрэдным кантакце чалавека з носьбітам звышнатуральнай магічнай сілы, што праяўляецца ў нашэнні розных амулетаў, талісманаў, ужыванні прэпаратаў, дакрананні да рукі чараўніка і да т.п.); ініцыяльная (падчас якой рэальна робіцца толькі пачатак магічнага дзеяння, а яго завяршэнне прадастаўляецца пэўнай звышнатуральнай сіле); апатрапеічная (магічныя дзеянні накіраваны на адпужванне варожых сіл, для чаго выкарыстоўваюцца розныя гукі і жэсты, агонь, дым і г.д.; катартычная (накіраваная на абарону ад негатыўнага ўплыву, на ачышчэнне чалавека, жылля ад уздзеяння неспрыяльных сіл); вербальная (ці слоўная М., заснаваная на веры ў цудадзейную сілу асобных слоў, выказванняў) і інш. У мінулым сярод беларусаў былі распаўсюджаны розныя віды М. Яны з даўніх часоў валодалі складаным комплексам разнастайных магічных сродкаў і дзеянняў для прадухілення жыццёвых няшчасцяў, стыхійных бедстваў, што выяўлялася ў даволі шырокай распаўсюджанасці варажбы, знахарства і чарадзейства. Многія магічныя дзеянні былі прымеркаваны да старажытных народных святаў і абрадаў, найперш Купалля і Каляд. Варажылі таксама і ў іншыя поры года, а таксама ў маладзік, апоўначы і да т.п. У беларускім фальклоры са старажытных часоў на працягу стагоддзяў у амаль нязменным выглядзе захоўвалася вялікая колькасць разнастайных замоў, праклёнаў, добразычлівых пажаданняў і г.д.

Паведаміць пра недакладнасьць