Маральная культура асобы, характарыстыка маральна-духоўнага развіцця чалавека, адпаведнасці яго дзеянняў і паводзін прынятым у грамадстве маральным нормам. Уключае ў сябе культуру этычнага мыслення, культуру пачуццяў, культуру паводзін, этыкет. М.к.а. фармуецца пад уплывам выхавання, жыццёвага вопыту, працоўнай дзейнасці, уздзеяння мастацтва, уласнага імкнення да самаўдасканалення. Маральныя нормы, прынцыпы з'яўляюцца адным з асноўных спосабаў рэгуляцыі дзейнасці чалавека ў грамадстве і атрымліваюць каштоўнаснае абгрунтаванне ў выглядзе ідэалаў дабра і зла, справядлівага і несправядлівага, належнага і інш. Вышэйшым узроўнем М.к.а. можна лічыць «маральную мудрасць», гатоўнасць да дастойных учынкаў у любых сітуацыях і гарманічнасць асобы.