Рыма Старажытнага культура, сукупнасць культурных здабыткаў насельніцтва Рымскай імперыі. Культура Старажытнага Рыма існавала каля 12 стагоддзяў - прыблізна з 8 ст. да н.э. да 476 - часу заваявання варварамі Заходняй Рымскай імперыі і яе сталіцы - г. Рыма. Старажытнарымская культура шмат у чым мела пераймальны характар, г.зн. многае пераняла ў культуры суседніх народаў - найперш у грэкаў (напр., пантэон багоў, творы выяўленчага мастацтва). Моцным быў уплыў Грэцыі Старажытнай культуры на развіццё рымскай літаратуры, філасофіі, навукі. Старажытнарымская культура ў параўнанні з грэчаскай мела менш узвышаны і паэтычны, больш рацыянальны, «прыземлены», характар. Яна вызначалася відавочным прагматызмам, утылітарным характарам (накіраваным найперш на дасягненне практычнай карысці, выгоды) і прыкметным геданізмам. Галоўнымі ідэаламі і каштоўнасцямі рымскай цывілізацыі і культуры былі патрыятызм, ушанаванне багоў, павага да продкаў, імкненне прытрымлівацца «літары і духу» законаў, перакананне ў богаабранасці рымскага народа, а таксама ў тым, што Рым - гэта «вечны горад», «цэнтр свету». У старажытных рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Для рэлігійных поглядаў быў характэрны палітэізм. Адным з самых старажытных рымскіх багоў быў Сатурн, а да ліку галоўных агульнадзяржаўных багоў адносіліся Юпітэр, Юнона, Марс, Венера, Апалон і інш. Было вядома таксама мноства хатніх божастваў (пенаты, геніі, лары, маны), а таксама божастваў асобных жыццёвых сітуацый, падзей, станаў (надзеі, вернасці, поспеху, першага крыку, першага кроку і г.д.). У 1 ст. ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі ўзнікла і пачала паступова распаўсюджвацца новая рэлігія - хрысціянства. Лацінскае пісьмо ўзнікла на аснове заходнегрэчаскага і ў больш позні перыяд стала асновай пісьменнасці многіх эўрапейскіх народаў. У галіне літаратуры найбольшае развіццё атрымала эпічная паэзія (Вергілій, Гарацый, Авідзій). Для яе была ўласціва асаблівая ўвага да ўнутранага свету асобы, эмацыянальнага стану, псіхалагічных перажыванняў чалавека. Старажытнарымская філасофія фармавалася і развівалася пад прыкметным уплывам старажытнагрэчаскай філасофіі. Тады існавалі разнастайныя філасофскія школы, кірункі, сярод якіх асноўнымі былі стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Прыкметных поспехаў дасягнула навука (асабліва гісторыя, астраномія, медыцына). Адным з найбольш развітых і пашыраных відаў мастацтва была архітэктура. Для яе былі ўласцівы манументальнасць, грандыёзнасць, маштабнасць, велічнасць будынкаў, мноства ўпрыгожванняў. Рымляне ўзводзілі не толькі культавыя будынкі (храмы), а і мноства пабудоў для практычных мэтаў - адміністрацыйныя, судовыя, гандлёвыя ўстановы, стадыёны, цыркі, тэатры, базілікі, бібліятэкі, грамадскія лазні, трыумфальныя аркі, тэрмы, акведукі і інш. Рымскія скульптурныя творы па свайму ўзроўню саступалі грэчаскім, аднак (у адрозненне ад ідэалізаваных грэчаскіх скульптур) у іх былі відавочнымі спробы перадаць канкрэтны вобраз і выявіць індывідуальнасць чалавека. Быў пашыраны жанр «гістарычнага рэльефа» (гістарычныя сюжэты на арках і калонах), рэалістычнага партрэта. Жывапісных твораў старажытных рымлян амаль не захавалася. Высокім узроўнем майстэрства вызначаліся фаюмскія партрэты. Вядомы таксама роспісы, фрэскі і мазаікі, якімі рымляне ўпрыгожвалі сцены, падлогі і дахі палацаў імператараў, грамадскіх будынкаў і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць