Напрыканцы 1980-х гадоў палітычная «адліга» паспрыяла вывучэньню гісторыкамі шмат якіх «белых плямаў», у тым ліку й пасьляваеннага антысавецкага руху. Аднак некаторыя беларускія гісторыкі са скептыцызмам ставіліся да маштабаў гэтага руху ў Беларусі. Напрыклад, М.Кузьняцоў у адной са сваіх публікацый падае зьвесткі пра «трафэі» органаў савецкай дзяржбясьпекі ў барацьбе з «бандытамі» (сотні мінамётаў, тысячы кулямётаў, аўтаматаў і інш.) і піша: «Адным словам, не хапала толькі танкаў і самалётаў... зброі... налічана столькі, што добрую армію можна ўзброіць» (Кузняцоў М. Канец векавой мяжы // Голас Радзімы. 31.08.1989).
У 1990-х шэраг беларускіх гісторыкаў, такіх, як Уладзімір Гуленка, Сяргей Жумар, Аляксандар Міхальчанка, Аляксандар Хацкевіч і інш., пачалі актыўна публікаваць свае першыя дасьледаваньні па гісторыі пасьляваеннага антысавецкага партызанскага руху. Шмат пісалася пра польскую Армію Краёву й постакаўскія структуры, пра Арганізацыю Ўкраінскіх Нацыяналістаў і Ўкраінскую Паўстанчую Армію і іх дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі, аднак, выпадкова ці наўмысна, абміналася тэма беларускага ўзброенага руху. Толькі намёкамі, неяк сарамліва, іншы раз, згадваюцца і «мясцовыя фашысцкія недабіткі», «банды», «бандыты Вітушкі». Да гэтага часу афіцыйная беларуская гістарыяграфія так і не распачала вывучэньне пасьляваеннага нацыянальнага партызанскага руху.
Беларускі ўзброены рух ня быў аднародным, ня меў адзінага кіраўніцтва. Арганізацыйна ён афармляўся ў 1944-1945 - на пачатку аднаўленьня ў Беларусі савецкай улады. У гэты час на нелегальным становішчы знаходзіліся дзясяткі тысяч чалавек, якія імкнуліся пазьбегчы мабілізацыі ў Чырвоную Армію, а таксама тыя, хто пад час нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі або служыў у беларускіх вайсковых фармацыях. У лясох, пераважна на Берасьцейшчыне, знаходзіліся й аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі, якія супрацоўнічалі з УПА. Да 1948 аддзелы БНП часткова самаліквідаваліся, часткова перайшлі на Захад. Нацыянальныя партызанскія аддзелы, у тым ліку арганізаваныя й Беларускай Незалежніцкай Партыяй пад час нямецкай акупацыі, дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі. Аднак далёка ня ўсе людзі, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы, далучаліся да паўстанцкіх аддзелаў, многія хаваліся каля сваіх вёсак або нават у вёсках і гарадох у чаканьні савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.
Праўдападобна, першыя спробы аб'яднаньня беларускіх партызанскіх аддзелаў у адзіную структуру былі зроблены ў 1945 генэралам Міхалам Вітушкам («Лось», «Канцавы») у раёне Налібоцкай пушчы. Напрыклад, А.Міхальчанка сьцьвярджае, што менавіта там на пачатку 1945 ген. Вітушка абвясьціў пра стварэньне паўстанцкай арміі. Аднак створаная ім Беларуская Вызвольная Армія (іншыя варыянты назову - Беларускае Краёвае Войска, «Чорны Кот») пачала актыўную дзейнасьць толькі ў 1946-947 і яна не ахоплівала сваім уплывам усю тэрыторыю Беларусі і ўвесь партызанскі рух. На Палесьсі па-ранейшаму незалежна дзейнічалі апошнія аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі. Утварылася Беларуская Дэмакратычная Армія, склад кіраўніцтва й абшар дзейнасьці якой невядомыя.
Партызанскія аддзелы, як правіла, складаліся зь людзей, якія пастаянна знаходзіліся ў лесе і тых, хто легальна жыў у гарадох і вёсках, але спрыяў або нават і ўдзельнічаў у партызанскіх акцыях. Звычайна партызаны праводзілі дывэрсіі й тэрырыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх дзяржаўных сьвятаў і палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя ўчасткі, на сельсаветы, зьнішчалася дакумэнтацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх і партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі і дзяржбясьпекі, вайскоўцаў. Зьдзяйсьняліся дывэрсіі на чыгунцы, калі яна падрывалася, рабіліся напады на таварныя цягнікі з мэтай іх зьнішчэньня або завалоданьня грузамі, якія яны перавозілі, падрываліся масты. Удзельнікі ж стыхійнага ўзброенага руху сваю дзейнасьць праводзілі праз супраціў мясцовым прадстаўнікам савецкай улады, якія зьдзяйсьнялі канкрэтныя акцыі, як стварэньне калгаса, збор падаткаў і г.д. Нярэдка ўзброены супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў, якія, як правіла, хутка здушаліся савецкімі ўладамі. Многія зь людзей, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы, выкарыстоўвалі зброю толькі як сродак уласнай самаабароны.
Беларускі партызанскі рух і падпольле дзейнічалі ня толькі на тэрыторыі БССР, але й па-за яе межамі, у Польшчы, Летуве, Латвіі, Украіне, Расеі. Нярэдка яны базаваліся на тэрыторыях, якія лічыліся этнаграфічна беларускімі, але ўваходзілі ў склад суседніх дзяржаў, як было зь Беласточчынай, Смаленшчынай, Віленшчынай. Беларускі ўзброены рух нельга зьвязваць толькі зь дзейнасьцю партызанскіх аддзелаў. Многія супраціўнікі савецкай улады, аб'яднаныя ў падпольныя арганізацыі й групы або тыя, хто дзейнічаў самастойна, легальна жылі ў гарадох і вёсках або хаваліся ў гэтых населеных пунктах, праводзілі дывэрсіі й тэрарыстычныя акцыі.
Да беларускага ўзброенага руху можна аднесьці і дэсантнікаў батальёну «Дальвіц», якія ў 1944-1945 перапраўляліся зь Нямеччыны ў Беларусь, а таксама сяброў Беларускага Вызвольнага Руху, Рады БНР і Замежнага Сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі, якія да сярэдзіны 1950-х дэсантаваліся з Захаду на Бацькаўшчыне. Многія зь іх удзельнічалі ў арганізацыі беларускага партызанскага і падпольнага руху.
Падобна да Ўкраінскай Паўстанчай Арміі, якая на працягу 1946-1949 расфармавала партызанскія аддзелы й перайшла ад стану партызанскае вайны да ўзброенага падпольля, беларускія партызаны і, перадусім, Беларуская Вызвольная Армія, таксама рэарганізаваліся. Першая падобная рэарганізацыя адбылася ў 1946, калі замест вялікіх аддзелаў былі створаныя невялікія мясцовыя партызанскія групы. Летам 1949 адбылася, праўдападобна, яшчэ адна рэарганізацыя, калі большасьць партызанаў выйшла зь лесу й спрабавала легалізавацца, аднак невядома, да якой фармацыі яны адносіліся. Некаторыя партызаны спрабавалі перабрацца на Захад, многія адышлі ў Польшчу, але большасьць працягвала барацьбу. Зразумела, што рэарганізацыі ня мелі дачыненьня да стыхійнае партызанкі, якая дзеяла самастойна, і часта для яе ўдзельнікаў знаходжаньне ў лесе было магчымасьцю перачакаць цяжкія часы, а ня весьці актыўную ўзброеную барацьбу з савецкай уладай. І стыхійны, і арганізаваны ўзброены рух у форме ўзброенага падпольля й партызанскага руху працягваў існаваць у Беларусі да канца 1950-х. Частка партызанскіх аддзелаў і падпольных структур была зьліквідаваная, але многія зь іх так і не былі выкрытыя савецкай дзяржбясьпекай ды самазьліквідаваліся або закансэрвавалі свае арганізацыйныя структуры.
Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што беларускі ўзброены супраціў («бандытызм») быў зьліквідаваны ў БССР да сярэдзіны 1952, а рэшткі партызанскіх аддзелаў, працягваючы сваю дзейнасьць, «сталі на шлях крымінальных злачынстваў». Падобнае цьверджаньне ня можа адносіцца да ўсяго руху, але зусім магчымае ў дачыненьні некаторых яго ўдзельнікаў. Акрамя таго, пачынаючы з 1944 у Беларусі існаваў і крымінальны бандытызм, які нават савецкія ўлады разглядалі асобна ад палітычнага ўзброенага супраціву. Крымінальныя фармаваньні й групы дзейнічалі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, і, паводле некаторых зьвестак, былі ліквідаваны да 1948.
Літ.: 1. Гісторыя Беларусі ў дзьвюх частках. Ч. 2. Мн., 1998. С. 319; 2. Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Ч. 2. Мн., 1995. С. 342, 343; 3. Вір В. Маёр Беларускай Краёвай Абароны Ўсевалад Родзька // Беларускі Голас (Таронта). № 365, кастрычнік 1991; 4. Сорак // Зважай (Таронта). № 2 (34), чэрвень 1984; 5. Жумар С. Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия. 26.08.1994; 6. Паняволеныя народы змагаюцца // Беларус (Ню Ёрк). 27.11.1950; 7. Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. 25.11.1990; 8. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас (Таронта). № 202, травень 1972; 9. На баявых становішчах // Бюлетэнь БНП (Зах. Нямеччына). № 6, 1946; 10. Гутарка зь беларусам адтуль // Беларускае слова (Зах. Нямеччына). 15.01, 05.02.1949; 11. Ёрш С. Генэрал Вітушка // Наша Ніва. № 17-18 (85), 12.05.1997; 12. Ёрш С. Легендарны атаман // Наша Ніва. №15 (112). 17.08.1998; 13. Партызанская барацьба на Беларусі нясупынна трывае // Вольнае слова (Зах. Нямеччына). № 1, студзень-люты 1950; 14. Паўстаньне ў беларускай Століншчыне // Беларускі Голас (Таронта). № 75, лістапад 1960.
Сяргей Ёрш