У беларускай гістарыяграфіі праблема дзейнасьці ўкраінскіх фармацыяў на тэрыторыі Беларусі пачала вывучацца на пачатку 1990-х. Найбольш аб'ектыўнымі выглядаюць дасьледаваньні гісторыка Ўладзіміра Гуленкі, які, абапіраючыся на архіўныя крыніцы ў Беларусі й на сучасную ўкраінскую гістарыяграфію, у шэрагу публікацый у пэрыядычным друку й энцыкляпэдычных выданьнях паспрабаваў акрэсьліць прычыны ўзьнікненьня ўкраінскага руху на беларускім Палесьсі, апісаў ягоную дзейнасьць, прааналізаваў колькасьць і склад яго ўдзельнікаў. Юры Шаўцоў у шэрагу публікацый разглядаў тэму ўдзелу беларусаў-палешукоў у антысавецкай барацьбе УПА, адзначаў ступень уплыву гэтага вайсковага супрацоўніцтва на самасьвядомасьць жыхароў заходнебеларускага Палесься. Аднак апошнім часам новая афіцыёзная беларуская гістарыяграфія зноў пачала спрошчана-нэгатыўна ацэньваць дзейнасьць украінскіх арганізацый і партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, называючы аддзелы ОУН-УПА «бандыцкімі фарміраваннямі» [8, 262]. Украінская гістарыяграфія, як эміграцыйная, так і ўва Ўкраіне, шмат увагі надае вывучэньню дзейнасьці ОУН, УПА, Палескай Сечы на беларускім Палесьсі. Гісторыкамі дасьледуецца дзейнасьць легальных і нелегальных украінскіх арганізацый, партызанскага руху, выдаюцца зборнікі дакумэнтаў, успамінаў.
Украінскі рух пад час другой сусьветнай вайны быў неаднародны, аднак на Палесьсі найбольшы ўплыў мелі прыхільнікі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі - арганізацыя Ўкраінскае Нацыянальнае Адраджэньне (з 1940 - Палеская Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі (ПС УПА)). Прэзыдэнт УНР А.Лявіцкі жыў у Польшчы й адтуль кіраваў дзейнасьцю ПС УПА, якой непасрэдна камандаваў атаман Тарас Бульба (Баравец). У 1941-1942 ПС УПА фактычна была адзінай украінскай вайсковай сілай на Палесьсі. Яе аддзелы дзейнічалі й на беларускім Палесьсі, супрацоўнічаючы зь Беларускай Самаабаронай, а пасьля - зь Беларускай Народнай Партызанкай. ПС УПА з 1941 налічвала больш за 10 тысячаў байцоў, але ў 1942, у сувязі з адыходам у падпольле й рэарганізацыяй, УПА ат. Т.Бульба скарацілася да некалькіх тысячаў чалавек.
Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Бандэры й Мельніка актыўна пачалі дзеяць на беларускім Палесьсі толькі зь лета 1942. Аунаўцы арганізоўвалі ў гэтым рэгіёне партызанскія групы й падпольныя структуры, а ў кастрычніку 1942 у Кобрынскім раёне прыхільнікі ОУН-Бандэры стварылі першы партызанскі аддзел сваёй Украінскай Паўстанчай Арміі. У выніку барацьбы за ўплыў на Палесьсі й Валыні паміж украінскімі групамі на працягу 1942-1944 перамагла ОУН-Бандэры і створаная ёю УПА.
Паводле падлікаў беларускіх гісторыкаў, на тэрыторыі Беларусі пад час другой сусьветнай вайны дзейнічала 12 тысяч чалавек - сябраў ОУН. У 1944 у Берасьцейскай, Пінскай і Палескай абласьцях падпольныя структуры Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў і партызанскія аддзелы УПА разгарнулі антысавецкую барацьбу. Паводле падлікаў У.Гуленкі, у Берасьцейскай вобласьці напрыканцы 1944 дзейнічала 120 невялікіх аддзелаў ОУН-УПА (па 7-10 чалавек у кожным), у Пінскай вобласьці - 114 аддзелаў (ад 25 да 500 чалавек у кожным). У 1944-1946 украінскае падпольле й партызанка ў Беларусі зьдзейсьнілі 2.384 дывэрсійныя і тэрарыстычныя акты, у выніку чаго загінула 1.012 чалавек. У гэты-ж пэрыяд органы МГБ і МВД правялі шэраг апэрацый, у тым ліку і «чэкісцка-вайсковых», накіраваных на ліквідацыю ўкраінскага руху супраціву. Да чэрвеня 1946 у БССР было ліквідавана 23 украінскія арганізацыі й партызанскія аддзелы.
У 1946 паводле рашэньня Ўкраінскай Галоўнай Вызвольнай Рады й Галоўнага Вайсковага Штабу распачалася дэмабілізацыя аддзелаў УПА. Да 1949 украінскі рух супраціву перайшоў ад адкрытай партызанскай барацьбы да збройнага падпольля. Апошняя ўкраінская партызанская група Івана Сікоры была ліквідавана на пачатку 1952 у Іванаўскім раёне.
Украінская Паўстанчая Армія супрацоўнічала зь беларускім партызанскім рухам. Некаторыя аддзелы УПА пад час сваіх рэйдаў даходзілі да Наваградка, удзельнічалі ў сумесных беларуска-ўкраінскіх партызанскіх акцыях. Аднак невядома, ці ўзьнімала кіраўніцтва беларускага і ўкраінскага партызанскага рухаў тэрытарыяльныя пытаньні, ці яны пакінулі іх вырашэньне на пасьляваенны час.
Літ.: 1. Гуленка У. «Акаўцы», «бульбаўцы», «аунаўцы» Ці былі ў Беларусі антыфашысцкія і адначасова антысавецкія партызанскія фарміраванні? // Звязда, 20, 21, 22.02.1991; 2. Гуленка У. Партызанскі рух: спроба неідэалізаванага аналізу альбо некалькі пытанняў сабе // Звязда, 07.08.1991; 3. Гуленко В. Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет // Свободные новости. № 5 (28), сакавік 1992; 4. Шаўцоў Ю. Людзі зь лесу // Пагоня. 15.05.1992; 5. Гуралюк Ю. Невядомая палеская вайна // Свабода. № 19, травень 1994; 6. Т.Бульба-Боровець. Армія без держави. Львів, 1993; 7. Баган О. Націоналізм і націоналістичний рух. Дрогобич, 1994; 8. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. Мн., 1998.
Сяргей Ёрш