Глабальныя праблемы сучаснасці, сукупнасць жыццёва важных праблем чалавецтва: палітычных, сацыяльных, эканамічных, экалагічных, дэмаграфічных, навукова-тэхнічных. Вылучаюць таксама інтэрсацыяльныя праблемы, праблемы адносін чалавека і грамадства, грамадства і прыроды. Сумарна можна вылучыць 3 асноўныя групы праблем: прадухіленне сусветнай тэрмаядзернай вайны; праблемы, абумоўленыя адносінамі чалавека і грамадства (абмежаванне імклівага росту насельніцтва), прадбачанне і прадухіленне наступстваў навукова-тэхнічнага прагрэсу, якія могуць прывесці да біялагічнай дэградацыі чалавека; праблемы, якія ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння грамадства і прыроды: прадухіленне забруджвання навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных і пошукі новых энергетычных рэсурсаў, забеспячэнне чалавецтва сыравінай і харчаваннем, асваенне касмічнай прасторы і інш. Глабальныя праблемы сучаснасці, як вынік папярэдняга грамадскага развіцця, дасягнулі надзвычайнай вастрыні з прычыны празмерна ўзмоцненай нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, навукова-тэхнічнага, дэмаграфічнага, экалагічнага і культурнага развіцця розных краін і народаў. Іх вырашэнне патрабуе аб'яднання намаганняў усіх краін для пераадолення небяспекі экалагічнай катастрофы. Паслядоўнае вырашэнне гэтых праблем мае на ўвазе ліквідацыю сацыяльных антаганізмаў, наладжванне гарманічных адносін паміж грамадствам і прыродай. Рэалізацыя такіх задач магчыма пры ўмове нармалізацыі агульнай палітычнай атмасферы паміж дзяржавамі, перабудовы эканамічных, палітычных, культурных і іншых адносін на аснове навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі і ўстанаўлення адпаведнай арганізацыі грамадства.

Паведаміць пра недакладнасьць