Ідэя (ад грэч. idea - паняцце, уяўленне), у шырокім сэнсе - думка, намер, план; у філасофіі і логіцы - форма адлюстравання рэчаіснасці, якая выяўляе галоўную думку, накіроўны тэарэтычны прынцып, сутнасць, закон існавання і развіцця з'яў. У гісторыі філасофіі катэгорыя ідэі ўжываецца па-рознаму. У Платона, сярэднявечных ідэалістаў, Г.Гегеля, неатамістаў ідэя - сутнасць рэчаў, якая аб'ектыўна існуе, духоўны першапачатак і творца рэчаіснасці. Суб'ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, прагматысты, махісты, неапазітывісты) атаясамлівае ідэю з рэчамі, комплексам або сукупнасцю адчуванняў чалавека. У дыялектычным матэрыялізме ідэя разглядалася як адлюстраванне аб'ектыўнай рэальнасці; разам з тым падкрэсліваўся і ўзаемны ўплыў ідэі на развіццё матэрыяльнай рэчаіснасці ў мэтах яе пераўтварэння. У навуцы ідэя не толькі падсумоўвае вопыт папярэдняга развіцця ведаў у той ці іншай галіне, але і служыць асновай, што сінтэзуе веды ў нейкую цэласную сістэму, выконвае ролю актыўных эўрыстычных прынцыпаў тлумачэння з'яў, пошукаў новых шляхоў вырашэння праблем. Ідэя, у залежнасці ад зместу, паскарае сацыяльны працэс, арыентуе грамадства на пераадоленне аджытага і ўстанаўленне новага, прагрэсіўнага (гл. таксама Ідэалізацыя, Ідэал).

Паведаміць пра недакладнасьць