Скептыцызм (ад грэч. skeptikos - той, хто разглядае, даследуе, крытыкуе). Скептыкі былі і ёсць ва ўсіх сферах дзейнасці людзей. Яны не верылі ў магчымасць рацыянальнага абгрунтавання нормаў паводзін чалавека, прыніжалі яго маральную дзеяздольнасць, у прыватнасці сцвярджалі, што чалавек па сваёй прыродзе злы, грэшны, не здольны дзейнічаць у адпаведнасці з прынцыпамі маралі, не можа пазнаць сапраўдны змест дабра і інш. Як філасофскі кірунак скептыцызм узнік у Старажытнай Грэцыі ў канцы 4 ст. да н.э. Яго заснавальнікам лічыцца Пірон, ідэі якога найбольшага росквіту дасягнулі ў платонаўскай Акадэміі ў 3-2 ст. да н.э. У антычнай філасофіі скептыцызм аформіўся ў самастойную плынь і філасофскую школу. Антычныя скептыкі лічылі бачнасць адзінай рэальнасцю і крытэрыем ісціны. У пошуках крытэрыяў практычных паводзін чалавека яны зыходзілі з пазіцыі, што калі ісціна недасягальная, то пры выбары жыццёвых шляхоў трэба задавальняцца «разумнай імавернасцю». Філосафаў жа іншых кірункаў яны разглядалі як неразумных дагматыкаў. У сярэднявеччы скептыцызм праяўляўся ў пазіцыях рэлігійнага вальнадумства. Прынцыпова новы змест ён набыў у кантэксце гуманістычнай культуры эпохі Адраджэння. Яго ідэі знайшлі адлюстраванне ў творчасці такіх мысліцеляў, як Нікалай Кузанскі, Эразм Ратэрдамскі, М.Мантэнь. Гістарычна скептыцызм выступаў у розных формах крытычнай апазіцыі філасофска-светапоглядным прынцыпам, што дамінавалі ў грамадскай свядомасці пэўнай эпохі. Гэта прадвызначала мнагазначнасць уздзеяння яго ідэй на развіццё духоўнай культуры, на прагрэс цывілізацыі. Такім чынам, скептыцызм - гэта філасофскі погляд, паводле якога чалавеку нядасягальнае безумоўна дакладнае веданне, і ён пазбаўлены надзейных крытэрыяў ісціны.

Паведаміць пра недакладнасьць