Фармаванне фауны паўзуноў Беларусі. Сучасная герпетафауна Беларусі - вынік уплыву працяглых, даволі розных і зменлівых геалагічных эпох. Яе паступовае збядненне і эвалюцыя відаў, якія засталіся, у бок адаптацыі да халоднага (з сезоннай цыклічнасцю) клімату ідзе ад заняпаду «залатога веку» рэптылій. Аднак, верагодна, больш блізкім этапам з'яўляецца змена існаваўшага субтрапічнага клімату на ўмераны (каля 25 млн. гадоў назад). Найбольш катастрафічным стала рэзкае пахаладанне ў ледавіковы перыяд (каля 1 млн. гадоў назад). Зледзяненне тэрыторыі Беларусі або яе частак, якое насоўвалася з поўначы, прыводзіла да поўнай гібелі прыродных экасістэм. Паўторнае засяленне тэрыторыі краіны рэптыліямі адбывалася з паўднёвых і паўднёва-заходніх напрамкаў. Найбольш старажытная фауна рэптылій належыць Беларускаму Палессю, тэрыторыя якога канчаткова вызвалілася ад ледавіка пасля дняпроўскага зледзянення (каля 250 тыс. гадоў назад). Перадапошні (сожскі) ледавік прасунуўся на поўдзень толькі прыкладна да паўночных межаў сучаснага Палесся. Самая большая колькасць відаў рэптылій зарэгістравана менавіта для Палесся, бо прасоўванне на поўнач, якое адбылося пасля адступання ледавіка, закранула не ўсе віды рэптылій. Напрыклад, балотная чарапаха - прадстаўнік міжземнаморскай фауны - пашырана пераважна ў паўднёвай, паўднёва-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках Беларусі, яе паўночная мяжа арэалу праходзіць прыкладна па мяжы Палесся. Найбольшую перавагу мелі холадаўстойлівыя і жывародныя віды рэптылій - яшчарка жывародная і гадзюка звычайная. Невыпадкова толькі гэтыя віды здолелі пашырыцца пасля за Палярны круг. Верагодна, іншыя віды рэптылій, такія, як порсткая яшчарка, вуж звычайны, балотная чарапаха, для якіх пэўны ўзровень тэмпературы асяроддзя мае жыццёва важнае значэнне (асабліва для развіцця яек у навакольным асяроддзі), перажылі ў пасляледавіковы перыяд асабліва вялікія ўзрушэнні, бо ў галацэне за яго 10 тыс. гадоў адзначаліся 4 хвалі пахаладання. А ўсяго 500-700 гадоў назад адбылося глабальнае пахаладанне, якое атрымала назву «малы ледавіковы перыяд».

Тым не менш 7 відаў рэптылій асвоілі тэрыторыю Беларусі, адаптаваўшыся да прыродна-кліматычных умоў. Фауна рэптылій па структуры свайго насельніцтва дыферэнцыравана тэрытарыяльна ў адпаведнасці з рознатыповымі ландшафтнымі правінцыямі. Рэптыліі (акрамя балотнай чарапахі) тыпова наземныя істоты, таму характар суадносін лясных і адкрытых прастораў, сушы і вады мае для іх таксама першараднае значэнне. У сувязі з гэтым важную ролю ў фармаванні сучаснай фауны рэптылій адыграла гаспадарчая дзейнасць чалавека. Высечка лясоў, фармаванне палёў прыводзілі да павышэння мазаічнасці ландшафтаў; стварэння вялікай колькасці пагранічных участкаў паміж рознатыповымі экасістэмамі, што спрыяла распаўсюджанню і павелічэнню колькасці яшчарак і змей. Аднак узрастанне антрапагеннай нагрузкі да сучасных узроўняў (уключае ўтварэнне вялікіх аднародных сельгасугоддзяў, прамое вынішчэнне рэптылій і інш.) прывяло да таго, што адмоўныя вынікі сталі пераважаць.

Паведаміць пра недакладнасьць