Размнажэнне, уласцівая ўсім жывым арганізмам здольнасць узнаўлення на сябе падобных істот, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця відаў. Амфібіі і рэптыліі адносяцца да монацыклічных жывёл, што маюць на працягу года адзін палавы цыкл, які складаецца толькі з фалікулярнай стадыі, за час якой адбываецца рост і паспяванне яек з наступным выдзяленням іх у навакольнае асяроддзе (як правіла нераставанне ў земнаводных і адкладванне яек у паўзуноў). Паводле асаблівасцей размнажэння, якія ўключаюць тып апладнення, развіццё эмбрыёнаў і лічынак, плоднасць, розныя экалагічныя і сістэматычныя групы герпетафауны істотна адрозніваюцца. Бясхвостым амфібіям уласціва вонкавае апладненне. Пры гэтым спароўванне асобін спрыяе апладненню ў вадзе ікрынак, якія нерастуюцца самкай. У большасці хвастатых земнаводных апладненне ўнутранае, без спароўвання. Так, у трытонаў самка захоплівае краямі клаакі адкладзены самцамі сперматафор. Развіццё і плоднасць у хвастатых і бясхвостых земнаводных істотна адрозніваюцца (гл. адпаведныя артыкулы). На паспяховасць размнажэння земнаводных вялікі ўплыў аказваюць умовы асяроддзя. Перш за ўсё наяўнасць адпаведных вадаёмаў, якія не перасыхаюць, маюць добрае асвятленне і праграюцца, не забруджаны мінеральнымі ўгнаеннямі, ядахімікатамі, нафтапрадуктамі, кіслотнымі ападкамі. Для рэптылій у якасці аднаго з прыстасаванняў да размнажэння ў наземных умовах з'яўляецца ўнутранае апладненне. Таму самцам уласціва наяўнасць спецыяльных савакупляльных органаў. Самкі паўзуноў часцей за ўсё закопваюць свае яйкі ў глебу, кучы раслінных рэшткаў, гнілыя пні. Пры гэтым забяспечваецца аптымальная тэмпература, якая спрыяе своечасоваму развіццю эмбрыёнаў. У шэрагу відаў адзначаецца яйкажыванараджэнне. Найбольшы ўплыў на эфектыўнасць размнажэння рэптылій аказвае тэмпературны рэжым эмбрыянальнага развіцця.

Паведаміць пра недакладнасьць