Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Герпетафауна, сукупнасць відаў рэптылій і амфібій, якія насяляюць пэўную тэрыторыю, рэгіён або планету ў целым у сучасны перыяд або жылі ў некаторыя перыяды гісторыі Зямлі. Герпетафауна Беларусі налічвае 19 відаў, адносіцца да Палеаарктычнага падцарства. Пераважная большасць яе відаў характэрна для Эўрапейска-Сібірскай зоагеаграфічнай вобласці і толькі квакша звычайная і чарапаха балотная адносяцца да фауны вобласці Старажытнага Міжземнамор'я (Міжземнаморскай падвобласці). З амфібій, прадстаўленых 12 відамі, 2 віды належаць да атрада хвастатых сямейства сапраўдных саламандраў (звычайны і грабеньчаты трытоны), 10 відаў - да атрада бясхвостых: 1 від сямейства круглаязычных (жарлянка чырванабрухая), 1 - сямейства часночніцы (часночніца звычайная), 3 - сямейства сапраўдных рапух (звычайная, або шэрая, зялёная і чаротавая рапухі), 1 - сямейства квакшаў (квакша звычайная) і 4 віды сямейства сапраўдных жаб (вастрамордая, травяная, азёрная і сажалкавая жабы). Сярод рэптылій, прадстаўленых толькі 7 відамі, 1 від належыць да атрада чарапах сямейства прэснаводных чарапах (балотная чарапаха), астатнія 6 відаў - да атрада лускаватых, сярод якіх 3 віды адносяцца да падатрада яшчарак з сямейства вераценнікавых (вераценніца ломкая) і сапраўдных яшчарак (порсткая і жывародная яшчаркі), 3 віды - да падатрада змей: 2 з сямейства вужовых (вуж звычыйны і мядзянка) і гадзюка (звычайная гадзюка). У сусветнай герпетафауне ўдзельная вага герпетафауны Беларусі невялікая. Да відаў з адносна шырокім арэалам (значная частка Эўропы і Азіі) адносяцца 47% усіх відаў герпетафауны Беларусі (шэрая і зялёная рапухі, азёрная, вастрамордая і травяная жабы, порсткая і жывародная яшчаркі, звычайны вуж, звычайная гадзюка). Сярэдні па велічыні арэал, які поўнасцю ўключае тэрыторыю краіны мае 32% відаў (звычайны і грабеньчаты трытоны, звычайная часночніца, сажалкавая жаба, вераценніца ломкая, мядзянка). 16% відаў з сярэднім па велічыні арэалам пашыраны ў Беларусі абмежавана: чырванабрухая жарлянка (паўночная мяжа арэала праходзіць прыкладна па лініі Паставы-Докшыцы-Новалукомль-Ворша), звычыйная квакша (паўночная мяжа арэала па лініі Ашмяны-Узда-Слуцак-Светлагорск-Гомель), балотная чарапаха (паўночная мяжа арэала па лініі Горадня-Стоўбцы-Чэрыкаў). Адзін від - чаротавая рапуха - пераважна ў Заходняй Эўропе, абмежавана распаўсюджаны ў Беларусі (усходняя мяжа арэала праходзіць па лініі Лепель-Беразіно-Бабруйск). Такім чынам, 21% (4 з 19) відаў герпетафауны Беларусі знаходзіцца на краі сваіх арэалаў з абмежаваным пашырэннем на тэрыторыі краіны, што абумоўлівае нераўнамернасць складу фауны амфібій і рэптылій па розных рэгіёнах Беларусі. З 19 відаў герпетафауны краіны 4 віды (вастрамордая і травяная жабы, порсткая і жывародная яшчаркі) адносна шматлікія. 3 рэдкія віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі - балотная чарапаха, мядзянка, чаротавая рапуха. Астатнія віды вызначаюцца як звычайныя. Шэраг відаў прыстасоўваецца да існавання ў месцах, пераўтвораных чалавекам у выніку гаспадарчай дзейнасці. Гэта зялёная жаба, звычайная часночніца, азёрная жаба, порсткая яшчарка, іх колькасць прыкметна павялічваецца ў месцах дзейнасці чалавека. Аднак значныя тэрыторыі Беларусі асушаны і выкарыстоўваюцца пад сельгасугоддзі, што парушае натуральнае асяроддзе пражывання і размнажэння рэптылій, забруджванне ландшафтаў таксама прыводзіць да зніжэння іх відавой разнастайнасці і колькасці. Важнейшай умовай стрымлівання гэтага працэсу з'яўляецца развіццё і адпаведны ўзровень стану запаведнікаў, заказнікаў, а таксама прыродаахоўная аптымізацыя разнастайнай гаспадарчай дзейнасці.

Земнаводныя і паўзуны   Земнаводныя і паўзуны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019