Плоднасць амфібій і рэптылій, здольнасць, якая эвалюцыйна склалася для кожнага віду ці групы роднасных відаў амфібій або рэптылій, забяспечваць прыплод, які патэнцыяльна (пры адпаведных умовах асяроддзя) кампенсуе іх смяротнасць. У розных груп і відаў амфібій і рэптылій яна моцна адрозніваецца. Земнаводныя, якія зусім не клапоцяцца пра патомства і для якіх характэрна высокая эмбрыянальная і лічынкавая смяротнасць, адкладваюць найбольшую колькасць яек у выглядзе кладак ікры ў час нерасту. Віды, што праяўляюць у той ці іншай ступені клопат пра патомства (выношванне яек у спецыяльных органах, ахова ікры і інш.), адкладваюць меншую колькасць, але больш буйных яек з большым запасам пажыўных рэчываў. Віды земнаводных, якія водзяцца ў Беларусі, адкладваюць ікру і больш да яе не вяртаюцца. Іх ікра церпіць самыя розныя ўздзеянні і нярэдка поўнасцю або часткова гіне. Для таго, каб кампенсаваць эмбрыянальную, а таксама вельмі высокую лічынкавую смяротнасць, амфібіі адкладваюць сотні і тысячы яек. Сярод жаб найбольшай плоднасцю характарызуецца самы буйны від - азёрная жаба, якая адкладвае 4000-10000 ікрынак. Травяная жаба адкладвае 840-4000 яек, вастрамордая - 500-2700, сажалкавая - да 2000-3000. Рапухам таксама ўласціва вельмі высокая плоднасць: шэрая рапуха адкладвае 1200-7000 яек, зялёная - 3000-5000, чаротавая - 3000-4000. Для больш дробных бясхвостых амфібій характэрна некалькі меншая плоднасць. Так, часночніца адкладвае 1200-3200 ікрынак, квакша - 500-1400, жарлянка - 80-З00, часам да 700. Адносна невысокая плоднасць трытонаў: самка звычайнага трытона адкладвае 60-700, часцей за ўсё каля 150 ікрынак, загортваючы іх лістамі раслін па адной, што можна расцэньваць як клопат аб патомстве; самка грабеньчатага трытона адкладвае 80-600, часцей за ўсё каля 150-200 ікрынак. 3 агульнай колькасці адкладзеных ікрынак толькі 1-5% развіваюцца да стадыі завяршэння метамарфозу - да цалкам сфармаванай маладой жывёліны. Гэта азначае, напрыклад, што на адну самку травяной жабы, якая размнажаецца, прыпадае 7-40 сяголетак, што выйшлі з вадаёма размнажэння на сушу. Колькі ж ікры адкладваюць віды амфібій, якія праяўляюць клопат аб патомстве? Рапухі-павітухі, што трапляюцца ў Заходняй Эўропе, у якіх самец носіць шнуры ікры на сабе, адкладваюць толькі 18-50 ікрынак. Сумчатыя квакшы, якія маюць на спіне вывадкавую сумку са складак скуры, адкладваюць 4-20 яек. Рынадэрма Дарвіна, самцы якой выношваюць ікру ў спецыяльных гарлавых мяшочках, адкладвае 20-30 яек. Толькі 5-15 яек адкладваюць бязногія амфібіі - чарвягі, якія ахоўваюць кладку, абвіваючы яе сваім целам. У паўзуноў, адаптаваных да жыцця на сушы і якія маюць больш дасканалае яйка, чым амфібіі, плоднасць значна больш нізкая. Найбольшая плоднасць характэрна для марскіх чарапах - да 400 яек за год, найменшая ў шэрагу відаў геконаў - 1-2 яйкі за адну кладку. Адзіны від нашых чарапах (балотная) адкладвае 5-10, часам крыху больш яек, порсткая яшчарка - 4-14, вуж звычайны - 6-26 у залежнасці ад памераў цела самак. Самка вераценніцы ломкай прыносіць 5-26, часцей за ўсё 7-14 дзіцянят, гадзюкі звычайнай - 7-18 (паводле іншых данных 6-9), мядзянкі - 2-15 (звычайна каля 5-8), жывароднай яшчаркі - 2-12. Некаторыя віды рэптылій (гадзюка звычайная і, верагодна, вераценніца ломкая) у нашых шыротах прыносяць патомства адзін раз у два гады, паколькі нярэдка паміж спароўваннем і з'яўленнем моладзі праходзіць 15-16 месяцаў.

Паведаміць пра недакладнасьць