Ядавітыя віды амфібій і рэптылій, у арганізме якіх выпрацоўваюцца рэчывы, што з'яўляюцца ў той ці іншай ступені таксічнымі для іншых жывёл. Яды такіх жывёл служаць для аховы ад ворагаў або для нападу на ахвяру. Сярод земнаводных няма актыўна ядавітых форм, якія не маюць спецыяльнага апарату для ўвядзення яду ў цела ахвяры. Многія з амфібій узброены скурнымі ядавітымі залозамі, што прызначаны для аховы ад вялікіх (драпежнікаў) і малых (бактэрый, спор грыбкоў) ворагаў. Найбольш вывучана ядавітасць скурных выдзяленняў у рапух, жарлянкі, часночніцы, у значна меншай ступені - у жаб. Некаторая колькасць ядавітых рэчываў ёсць у крыві, а таксама ў яечніках рапух. Пакуль не высветлена, ці падобная хімічная структура сакрэту скурных залоз на яд крыві і яечнікаў. Выдзяленні скурных залоз жаб (травяной, сажалкавай, азёрнай) не такія ядавітыя, як у іншых бясхвостых земнаводных. Аднак увядзенне скурных выдзяленняў сажалкавай жабы залатой рыбцы выклікае смерць апошняй праз хвіліну, а ў белых мышэй і жаб назіраецца параліч задніх канечнасцей. Устаноўлена наяўнасць у яечніках жаб ядавітых рэчываў, высокія канцэнтрацыі якіх здольныя забіць і саміх жаб. Асноўнае значэнне скурных выдзяленняў жаб заключана ў ахоўным бактэрыцыдным дзеянні. Вядома, што раней жаб вакарыстоўвалі для захоўвання свежым малака, таму што бактэрыцыдныя ўласцівасці скурных выдзяленняў жабы, якую змясцілі ў посуд з малаком, прадухіляюць яго скісанне. Для мноства драпежнікаў, якія кормяцца жабамі, слізь не з'яўляецца ядавітай, але дапамагае жабам уцячы ад ворагаў.

З 7 відаў паўзуноў, якія пашыраны ў Беларусі, толькі адзін - звычайная гадзюка - мае ядавіты апарат і адносіцца да тыпова актыўных ядавітых змей. Аднак трэба адзначыць, што паняцце «ядавітыя змеі» не зусім дакладнае, таму што яго звычайна выкарыстоўваюць адносна ўздзеяння яду на чалавека. Між тым змесціву слінных залоз (з якіх паходзяць тыповыя ядавітыя залозы) любой змяі ўласцівы некаторыя ядавітыя якасці, якія з'яўляюцца небяспечнымі для насякомых, амфібій, дробных рэптылій, птушак і млекакормячых, але практычна бясшкодныя для буйных жывёл і чалавека. Да такіх змей належаць вуж звычайны і мядзянка.

Паведаміць пра недакладнасьць