Трагедыя (ад грэч. tragos - «казёл» + ode - песня, ці інакш «песня казлоў»), адзін з асноўных жанраў драматургіі, заснаваны на глыбокіх калізіях, супярэчнасцях, якія развіваюцца ў асабліва востры, антаганістычны канфлікт. Супрацьпастаўляецца другому распаўсюджанаму жанру - камедыі. Аснову Т. складаюць сутыкненні асобы са светам, лёсам, грамадствам, выяўленыя ў напружанай форме барацьбы моцных характараў і страсцей. Трагічная калізія звычайна вырашаецца пагібеллю галоўнага героя. Як асобны жанр старажытнага тэатральнага мастацтва Т. ўзнікла з харавой песні, якую спявалі апранутыя ў казліныя скуры спадарожнікі бога Дыяніса - т.зв. «сатыры». Класікай жанра стала Т. старажытнай Грэцыі (Эсхіл, Сафокл, Еўрыпід), Адраджэння і барока (У.Шэкспір, П.Кальдэрон), класіцызму (П.Карнэль, Ж.Расін). Пачынаючы з 18 ст. жанр паступова страчвае сваю строгасць (асабліва ў драматургіі рэалізму), збліжаецца з драмай (як відам), у выніку чаго ўзнікаюць прамежкавыя жанры - «мяшчанская трагедыя» (Ф.Шылер), трагічная драма (В.Гюго, Г.Ібсен), гістарычная драма (А.Пушкін, А.Талстой). З канца 19 ст. атрымлівае распаўсюджанне трагікамедыя. Першыя спробы стварэння Т. ў Беларусі адносяцца да 18 ст., калі на польскай мове былі напісаны творы «Суддзя без розуму» Ф.У.Радзівіл, «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Крэз» І.Юрэвіча і інш. У пачатку 20 ст. на аснове трагедыйных калізій напісаны п'есы «Антось Лата» Я.Коласа, «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Бязродны» У.Галубка і інш. У беларускай савецкай літаратуры з яе арыентацыяй на аптымістычны пафас было створана няшмат твораў у жанры Т. («Людзі і д'яблы» К.Крапівы, «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Рашэнне» В.Быкава, «Званы Віцебска» У.Караткевіча, «Купала» А.Дударава і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць