Контркультура (ад лац. contra - супраць), адмысловая форма культуры, прадстаўнікі якой адмоўна, негатыўна арыентаваныя да каштоўнасцей дамінуючай культуры. Паняцце «К.» з'явілася ў заходняй гуманітарнай навуцы ў 1960 (пачаў выкарыстоўваць амерыканскі сацыёлаг Т.Розак) і прымянялася для характарыстыкі накіраванай супраць дамінуючай культуры дзейнасці бітнікаў і хіпі. Атрымала распаўсюджанне сярод часткі моладзі краін Захаду ў 1960-1970-я г. Некаторыя даследчыкі да носьбітаў К. адносяць таксама і прадстаўнікоў багемы. Для К. ўласціва адмаўленне традыцыйных сацыяльных каштоўнасцей, маральных норм і ідэалаў, пратэст супраць панавання масавай культуры, культ неўсвядомленага праяўлення прыродных страсцей і містычнага экстазу душы. Па свайму зместу К. была накіравана на скіданне сучаснай культуры, якая ўяўлялася арганізаваным насіллем над асобай, душыцелем творчых парываў. К. аб'ядноўвае канцэпцыі, якія ўяўляюць сабой эклектычную сумесь з розных палажэнняў экзістэнцыялізму, фрэйдызму, вульгарызаванага марксізму, анархізму, усходніх філасофій і рэлігій. У 1970-я г. рух К. зайшоў у тупік і распаўся на мноства рознахарактарных груп.

Паведаміць пра недакладнасьць