Бацькаўшчына (Айчына, Радзіма), гісторыка-культуралагічнае і філасофскае паняцце, якое абазначае пэўную этнакультурную супольнасць; палітычнае, сацыяльнае і культурнае асяроддзе, у якім жыве і працуе народ; краіна, у якой чалавек нарадзіўся і грамадзянінам якой з'яўляецца; тэрыторыя, якая гістарычна належыць пэўнаму народу. Блізказначныя да гэтага паняцця выразы «родная краіна», «родная старонка», «родная зямля». Як сацыяльная з'ява паняцце «бацькаўшчына» ахоплівае ўсе бакі грамадскага жыцця: мову, культуру, духоўныя каштоўнасці, грамадскі лад, традыцыі і звычаі. Бацькаўшчына - гэта вялікая каштоўнасць, якую атрымлівае ў спадчыну кожны чалавек, што нарадзіўся на зямлі сваіх бацькоў. Я.Купала ў вершы «Спадчына» пісаў: «Ад прадзедаў спакон вякоў // Мне засталася спадчына; // Паміж сваіх і чужакоў // Яна мне ласкай матчынай» і заканчвае верш словамі: «Завецца ж спадчына мая // ўсяго Старонкай Роднаю». У гісторыі беларускай грамадскай думкі паняцце «бацькаўшчына» прайшло шматвяковую эвалюцыю. У старажытных летапісах, дакументах і мастацкіх творах гэта паняцце перадавалася словамі-выразамі «зямля», «атчына», «атчызна», зрэдку «материзна». Па меры фармавання цэнтральнай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў змест гэтага паняцця пашыраўся і паглыбляўся як увасабленне агульнадзяржаўных, агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое Княство Литовское» (Устаўная грамата вялікага князя Аляксандра, 1501), «панство отчызны нашое» (Грамата Віленскага сейма, 1514) і г.д. Шырока выкарыстоўваліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «Княства». У афіцыйнай практыцы феадальнага грамадства ідэя бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў саслоўным разуменні («народ-шляхта»). У эпоху Адраджэння пашыраецца дэмакратычная канцэпцыя паняцця «бацькаўшчына», заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сацыяльных станаў, нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Францішка Скарыны паўстае ідэал справядлівага арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, «дабра паспалітага», «людзей простых, паспалітых», адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Патрыятычную па сутнасці народнадэмакратычную ідэю бацькаўшчыны ён выказаў у прадмове да адной з кніг Бібліі: «тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Скарынаўская патрыятычная традыцыя знайшла свой працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, Магілеўскай хронікі і інш. Якаснае паглыбленне і ўзбагачэнне паняцця «бацькаўшчына» прыпадае на канец 18 - пачатак 20 ст. - эпоху нацыянальнай кансалідацыі, вызваленчага змагання беларускага народа з-пад каланіяльнага ўціску царскай Расеі, польскай і спаланізаванай мясцовай арыстакратыі. У новай беларускай літаратуры (у «Песні беларускіх жаўнераў», творах В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, нарадавольцаў групы «Гоман», пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыятычныя імкненні, абуджэнне нацыянальнай свядомасці народа. Цэласны змест паняцце «бацькаўшчына» набывае на этапе разгорнутай барацьбы за адраджэнне нацыянальнае Беларусі, укаранаванае абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, а потым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідуюцца розныя літаратурныя, культурна-асветныя, партыйныя аб'яднанні, плыні і рухі. Праблема бацькаўшчыны стала кансалідуючай ідэяй беларускага адраджэнскага руху. У публіцыстыцы Я.Купалы развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны - справядлівай маці ўсіх людзей краіны незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання: «У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць «ні эліна, ні юдэя». Усе роўныя перад дзяржаўнай уладай, усе роўныя перад правам і законам, усе вольна развіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасць і кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам агульнай Бацькаўшчыны-Беларусі» (Купала Я. Незалежная дзяржава і яе народы // Беларусь. 1919, 29 ліст.). Ідэя Бацькаўшчыны адыграла вялікую ролю ў барацьбе за ўз'яднанне Заходняй Беларусі ў адзінай беларускай дзяржаве; у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Другой сусветнай вайны; служыла і служыць духоўным стымулам новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, яе незалежнасці і суверэнітэту.