Быццё, філасофская катэгорыя, якая абазначае рэчаіснасць, што існуе аб'ектыўна, па-за свядомасцю чалавека і незалежна ад яе. Філасофскае разуменне быцця і яго суадносіны са свядомасцю вызначаюць змест асноўнага пытання філасофіі. Платон супрацьпаставіў пачуццёвае быццё чыстым ідэям - свету сапраўднага быцця. Арыстоцель, абапіраючыся на распрацаваны ім прынцып узаемасувязі формы і матэрыі, стварыў вучэнне аб розных узроўнях быцця. Сярэднявечная хрысціянская філасофія адстойвала «ісціннае», створанае Богам быццё, адрозніваючы пры гэтым сапраўднае быццё (акт) і магчымае быццё (патэнцыя), сутнасць і існаванне, сэнс і сімвал. У 17-18 ст. быццё разглядалася як рэальнасць, што процістаіць чалавеку і асвойваецца ім у дзейнасці. Адсюль узнікла тлумачэнне быцця як аб'екта, што процістаіць суб'екту як коснай рэальнасці, падпарадкаванай сляпым, аўтаматычна дзеючым законам (напрыклад, закону інерцыі). Г.Лейбніц трактаваў быццё як адлюстраванне дзейнасці духоўных субстанцый - манад. Паняцце «быццё» найбольш шырока разгледжана ў нямецкай класічнай філасофіі. Паводле І.Канта быццё не з'яўляецца ўласцівасцю рэчаў, спосабам сувязі нашых паняццяў і разважанняў. І.Фіхтэ лічыў, што сапраўдным быццём з'яўляецца свабодная, чыстая дзейнасць абсалютнага «Я», а матэрыяльнае быццё - вынік усведамлення і самасвядомасці «Я». Ф.Шэлінг бачыў у прыродзе неразвіты розум, які толькі дрэмле, а сапраўднае быццё - у свабодзе чалавека, у яго духоўнай дзейнасці. У канцэпцыі Г.Гегеля быццё разглядалася як першая, непасрэдная ступень ва ўзыходжанні духу да самога сябе. Кант і Гегель выявілі аб'ектыўна-ідэальны ўзровень быцця, што ўвасабляецца ў розных формах дзейнасці суб'екта. У філасофскіх канцэпцыях 19-20 ст. дамінуюць спробы зразумець быццё, ідучы ад аналізу свядомасці.

У марксісцкай філасофіі, якая абвяргала розныя формы ідэалізму, падкрэсліваўся шматузроўневы характар быцця (арганічная і неарганічная прырода, біясфера, грамадскае быццё, быццё асобы).

Паведаміць пра недакладнасьць