Годнасць, паняцце, якое адлюстроўвае ўяўленне аб каштоўнасці чалавека як маральнай асобы, а таксама катэгорыя этыкі, якая абазначае маральныя адносіны чалавека да самога сябе і грамадства да яго. З аднаго боку, усведамлене чалавекам уласнай годнасці з'яўляецца формай самасвядомасці і самакантролю асобы, на ёй заснавана патрабавальнасць чалавека да самога сябе. У такім сэнсе разуменне ўласнай годнасці побач з сумленнем і гонарам з'яўляецца адным са спосабаў усведамлення чалавекам сваёй адказнасці перад сабой і грамадствам. З другога боку годнасць асобы патрабуе і ад іншых людзей павагі да яе, прызнання за ёй адпаведных правоў. На разуменне годнасці чалавека ўплываюць асаблівасці гістарычнай эпохі, у якой ён жыве. Быў час, калі годнасць звязвалася з саслоўным гонарам. Пасля адмены саслоўных прывілеяў гэта пачуццё трактавалася як самасцвярджэнне чалавека з дапамогай асабістых якасцей (энергія, воля, прадпрымальнасць, працаздольнасць і інш.). Годнасць чалавека вызначаецца яго маральнымі (праўдзівасць, добрасумленнасць, сціпласць), інтэлектуальнымі і фізічнымі (здароўе, сіла, спрыт, прыгажосць) якасцямі. Яна выяўляецца ў адносінах чалавека да грамадства, у яго здольнасці рабіць людзям дабро. Асноўнай умовай існавання чалавечай годнасці з'яўляецца свабода асобы. Важную ролю ў развіцці і захаванні гэтага пачуцця адыгрывае эканамічная незалежнасць асобы, якая служыць гарантам палітычнай незалежнасці. У шырокім сэнсе паняцце годнасці ўключае і наяўнасць у чалавека пачуцця нацыянальнай годнасці. Каб заставацца асобай, чалавек на працягу ўсяго жыцця павінен берагчы свае гонар і годнасць.