Магчымасць і рэчаіснасць, суадносныя філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць дзве асноўныя ступені ў станаўленні і развіцці прадмета або з'явы. Магчымасць - аб'ектыўная тэндэнцыя станаўлення прадмета, якая выяўляецца ў наяўнасці ўмоў для яе ажыццяўлення. Рэчаіснасць - аб'ектыўна існуючы прадмет як вынік рэалізацыі некаторай магчымасці, у шырокім сэнсе - сукупнасці ўсіх рэалізаваных магчымасцей. Існуюць абстрактная (фармальная) і рэальная (канкрэтная) магчымасці. Абстрактная магчымасць характарызуе адсутнасць прынцыповых перашкод для станаўлення прадмета («усё магчымае, што не супярэчыць сабе»), але для яе здзяйснення няма ўсіх неабходных умоў. Рэальная магчымасць валодае для сваёй рэалізацыі ўсімі неабходнымі ўмовамі: схаваная ў рэчаіснасці, яна пры пэўных умовах становіцца новай рэчаіснасцю. Змяненне ўмоў вызначае пераход абстрактнай магчымасці ў рэальную, а апошняя ператвараецца ў рэчаіснасць. Філасофскае асэнсаванне гэтых паняццяў пачалося ў Старажытнай Грэцыі. Эгейская і мегарская школы сцвярджалі, што толькі пра рэчаіснае (разумелася як агульнае ўсеабдымнае быццё) можна гаварыць як пра магчымае. Арыстоцель раскрыў сувязь магчымасці і рэчаіснасці з рухам і развіццём. Апошняе ён тлумачыў як пераход ад магчымасці да рэчаіснасці. Сваю дыялектыку магчымасці і рэчаіснасці Арыстоцель звязваў з вучэннем пра абсалютную пасіўнасць матэрыі і актыўнасць формы, лічачы, што форма надае пасіўным магчымасцям здольнасць ператварацца ў рэчаіснасць. Гэтая канцэпцыя панавала і ў сярэднявечнай філасофіі. У 17-18 ст. прадстаўнікі механістычнага матэрыялізму (Т.Гобс, Ж.Б.Ламарк, П.Гольбах) абсалютызавалі ў катэгорыі рэчаіснасці аспект строгай дэтэрмінаванасці і прыйшлі да адмаўлення аб'ектыўнага значэння магчымасці, атаясамліваючы яе з выпадковасцю. І.Кант лічыў, што магчымасць адпавядае фармальным умовам вопыту, рэчаіснасць - матэрыяльным умовам, неабходнасць - усеагульным умовам вопыту. Г.Гегель разглядаў магчымасць як абстрактны момант рэчаіснасці і вызначаў апошнюю як канкрэтнае адзінства ўнутранага і знешняга, сутнасці і з'явы. Паводле дыялектыка-матэрыялістычнага вучэння, пераход магчымасці ў рэчаіснасць пастаянна здзяйсняецца ў неарганічнай і арганічнай прыродзе. У пазнавальнай дзейнасці чалавека пазнанне як магчымасць існуе ўжо ў элементарным пачуццёвым успрыманні, але сваёй сапраўднасці дасягае ў навуцы і іншых формах адлюстравання. Працэс ператварэння магчымасці ў рэчаіснасць можа мець выгляд простага змянення (пераважна ў неарганічнай прыродзе), стыхійнага развіцця (у арганічнай прыродзе), свядомай дзейнасці (у грамадстве). Пераход магчымасці ў рэчаіснасць адкрывае шлях да магчымасцей наступнага, больш высокага ўзроўню. Калі ў грамадскім жыцці ўзнікаюць розныя магчымасці, то людзі як свядомыя актыўныя істоты выбіраюць тыя з іх, якія ў найбольшай ступені адпавядаюць іх інтарэсам, вартасным устаноўкам індывідаў, сацыяльных груп і дзейнічаюць у адпаведнасці з гэтым выбарам, ператвараючы магчымасць у рэчаіснасць.

У фармальнай логіцы паняцці магчымасці і рэчаіснасці ляжаць у аснове тэорыі мадальнасці, заснаванай Арыстоцелем. Разважанні ён класіфікаваў на праблематычныя (разважанні магчымасці), асертарычныя (разважанні рэчаіснасці) і ападыктычныя (разважанні неабходнасці). Гэтая класіфікацыя захавалася і ў сучаснай логіцы. Разважанні магчымасці (тыпу «магчыма, заўтра будзе дождж») і рэчаіснасці (тыпу «неба пахмурнае») могуць быць адзінкавыя, прыватныя або агульныя; разважанні магчымасці па форме заўсёды сцвярджальныя; разважанні рэчаіснасці могуць быць і сцвярджальныя і адмоўныя.

Паведаміць пра недакладнасьць