Навіны

9 чэрвеня 2005

Дададзены даведнік Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956)

Дададзены даведнік Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956).

У даведніку (328 артыкулаў) сабраная і сыстэматызаваная інфармацыя пра пэрсаналіі і падзеі, датычныя супрацьстаяньню людзей Беларусі таталітарнай савецкай сыстэме ў 1944-1956 гадох. Падобная праца праведзеная ўпершыню. Публікуецца інфармацыя пра ўзброеныя формы барацьбы, пра беларускае падпольле, а таксама пра антысавецкія арганізацыі нацыянальных мяншыняў Беларусі.

13 траўня 2005

Выйшаў з друку Экалагічны слоўнік

Выйшаў з друку Экалагічны слоўнік.

Экалагічны слоўнік - Экологический словарь.
Л.Камлюк, Н.Кручкова, Н.Яромава, Ю.Патаенка, Я.Юрочка
Менск: Народная асвета, 2004. - 287 с.
ISBN 985-12-0958-9
Наклад: 3000 асобнікаў.

У слоўніку прыведзена каля 1000 асноўных экалагічных тэрмінаў і паняццяў. Упершыню выданне выйшла ў 1993 годзе. У другім выданні ўведзены новыя паняцці, перапрацавана фармуліроўка некаторых тэрмінаў першага выдання, выключаны вузкаспецыяльныя экалагічныя тэрміны.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў Цэнтральнай кнігарні - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!

8 траўня 2005

Выйшла з друку энцыклапедыя Гарады і вёскі Беларусі (Т.1, кн.1)

Выйшла з друку энцыклапедыя Гарады і вёскі Беларусі (Т.1, кн.1).

Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць.
С.Марцэлеў
Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2004. - 632 с.: іл.
ISBN 985-11-0303-9
Наклад: 4000 асобнікаў.

Першае ў гісторыі Беларусі фундаментальнае шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім на падставе навейшых архіўных і інш. крыніц адлюстраваны гісторыя і сучасны эканамічны і культурны стан усіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі: 6 абласцей, 118 раёнаў, а таксама ўсіх населеных пунктаў кожнага раёна, уключаючы і тыя, якія зараз перасталі існаваць. Першы том выдання прысвечаны населеным пунктам 11 раёнаў Гомельскай вобласці (Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі раёны).

13 красавіка 2005

Дададзены даведнік Культуралогія

Дададзены даведнік Культуралогія.

Даведнік уключае 844 артыкула, у якіх разглядаюцца актуальныя праблемы тэорыі і гісторыі культуры, асноўныя культуралагічныя паняцці і тэрміны, найважнейшыя школы і кірункі культуралогіі. У біяграфічных артыкулах, прысвечаных вядомым культуролагам, мысліцелям і асветнікам, дзеячам культуры, асвятляюцца іх жыццёвы і творчы шлях, асаблівасці светапогляду, распрацаваныя імі канцэпцыі і тэорыі. Змест большасці матэрыялаў арганічна звязаны з Беларуссю, з канкрэтнымі рэаліямі этнакультурнага развіцця беларускага грамадства. Кніга адрасавана спецыялістам у галіне культуралогіі, выкладчыкам і навучэнцам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, усім, хто цікавіцца пытаннямі айчыннай і сусветнай культуры.

14 сакавіка 2005

Выйшаў з друку Слоўнік цяжкасцяў беларускай мовы

Выйшаў з друку Слоўнік цяжкасцяў беларускай мовы.

Слоўнік цяжкасцяў беларускай мовы.
Б.Плотнікаў, В.Трайкоўская
Менск: Кніжны Дом, 2004. - 544 с.
ISBN 985-428-922-2
Наклад: 5100 асобнікаў.

У кнізе сцісла абагульнены цяжкасці беларускай мовы ў галіне арфаэпіі і арфаграфіі, марфалогіі, у прыватнасці ва ўжыванні склонавых канчаткаў назоўнікаў, у сінтаксічным кіраванні дзеясловаў, у функцыях знакаў прыпынку, у сінтаксісе, лексікалогіі, фразеалогіі, стылістыцы. Выданне прызначана для вучняў, студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, для ўсіх, хто вывучае беларускую мову і штодзённа карыстаецца ёю.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў Цэнтральнай кнігарні - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!

10 сакавіка 2005

Выйшаў з друку Слоўнік лексічных формаў

Выйшаў з друку Слоўнік лексічных формаў.

Слоўнік лексічных формаў (сінонімы, амонімы, антонімы, паронімы, амографы, амафоны).
Я.Хвалей, У.Шарпіла
Менск: Парадокс, 2004. - 416 с. (Эрудыт)
ISBN 985-451-134-0
Наклад: 3100 асобнікаў.

Упершыню пад адной вокладкай сабрана цэлая серыя слоўнікаў, якія ў свой час выходзілі паасобку. Кожны з іх разглядае не асобныя словы, а групы слоў, з'яднаных пэўнымі суадносінамі - падабенствам ці розніцай паміж іх гучаннем і сэнсам. Кніга спатрэбіцца і школьніку, і студэнту, і кожнаму, хто хоча дасканала валодаць беларускай мовай.

5 сакавіка 2005

Выйшаў з друку Тлумачальны слоўнік беларускай мовы

Выйшаў з друку Тлумачальны слоўнік беларускай мовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы.
А.Булыка
Менск: Харвест, 2005. - 528 с.
ISBN 985-13-2608-9
Наклад: 5000 асобнікаў.

У слоўніку тлумачыцца каля 8300 актуальных для моўнай практыкі слоў. Разлічаны на школьнікаў, навучэнцаў, абітурыентаў, студэнтаў, а таксама настаўнікаў і выкладчыкаў, усіх, хто цікавіцца пытаннямі роднай мовы.

Гэты слоўнік можна набыць у Менску ў Цэнтральнай кнігарні - вялікі дзякуй краме за выходныя дадзеныя!

26 студзеня 2005

Дададзены даведнік Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991)

Дададзены даведнік Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991).

Са старонак даведніку (225 артыкулаў) паўстае гісторыя незалежнага беларускага грамадзтва ў ягоных спробах супрацьстаяць татальнасьці. Гэта мірная барацьба за правы асобы, за свабоду творчасьці, за шанец для сваёй краіны. Людзі, якія бралі ўдзел у тагачасных дэмакратычных рухах, вылучаюцца сваёй настойлівасьцю і ўзважанасьцю - тым, чаго так бракавала беларусам у канцы 20 ст. Даведнік найперш прысьвечаны асобам, а таксама падае грамадзкі кантэкст іхнай дзейнасьці.

22 сьнежня 2004

Выйшаў з друку Беларуска-расейскі і расейска-беларускі слоўнік

Выйшаў з друку Беларуска-расейскі і расейска-беларускі слоўнік.

Белорусско-русский и русско-белорусский словарь: 42 тыс. слов. - 5-е выд., стэрэатып.
В.Гатавец, В.Мяснікова; пад рэд. А.Жураўскага
Менск: ТетраСистемс, 2004. - 480 с.
ISBN: 985-470-169-7
Наклад: 10100 асобнікаў.

Слоўнік утрымлівае каля 42 тысячаў слоў, што найбольш часта ўжываюцца ў паўсядзённай камунікацыі і могуць выклікаць цяжкасці пры перакладзе. Ён можа быць карысны ўсім, хто жадае і імкнецца спазнаць тайны беларускага слова. Разлічаны на шырокае кола чытачоў.

18 сьнежня 2004

Выйшаў з друку Паэтычны слоўнік Вячаслава Рагойшы

Выйшаў з друку Паэтычны слоўнік.

Паэтычны слоўнік. - 3-е выд., дапрац. і дапоўн.
Вячаслаў Рагойша
Менск: Беларуская навука, 2004. - 576 с.
ISBN 985-08-0598-6
Наклад: 2000 асобнікаў.

У слоўніку доктара філалагічных навук, прафесара В.Рагойшы тлумачыцца каля тысячы тэрмінаў па тэорыі паэзіі. Улічваюцца дасягненні сучаснай літаратуразнаўчай думкі ў галіне агульнай паэтыкі і паэтыкі верша, вопыт паэзіі замежных краін. Асноўная ўвага ўдзяляецца гісторыі і тэорыі беларускага верша. У трэцяе выданне ўключаны звыш 50 новых тэрмінаў. Прызначаецца шырокаму колу навукоўцаў, пісьменнікам, студэнтам філфакаў ВНУ, навучэнцам тэхнікумаў, вучням сярэдніх школ, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца праблемамі паэзіі.