На запыт знайшлося 116 артыкулаў

  1. 1
    вабкі -ая, -ае. Які вабіць, прыцягвае.
    Такім чынам яны спадзяваліся трапіць са сваімі таварамі ў багатую, вабкую Індыю. (Я.Лёсік)
  2. 2
    вабнота -ы, ж. Прывабнасць.
    Ты цярпліва даводзіш ёй [прыгожай маладзіцы] што брудны асфальт - не самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. (У.Арлоў)
  3. 3
    вадзенькі -ая, -ае. Рэдзенькі.
    Кан'юнктуршчык ад паэзіі піша нечым вадзенькім, пафарбаваным пад тон крыві. (А.Вярцінскі)
  4. 4
    важыва -а, н. Тое, што важаць, узважваюць.
    Так і нябёсы важаць дзень асверамі, А важыва яму да небакраю. (Р.Барадулін)
  5. 5
    вазок -зка, возік -а, м. ... Каляска.
    Скверык амаль апусцеў. «Паехалі» дамоў маладыя бабулі і маці з унукамі і дзецьмі ў вазках. (Б.Пятровіч) Аж тут проста мне быццам на падмогу каля дарогі пакінуты дзіцячы возік бокам ляжыць... (К.Акула)
  6. 6
    валачай -я, м. Валацуга.
    - І куды, валачай, нанач сабраўся? - іншым разам баба Марка запыніць уцекача ў варотцах. (В.Гардзей)
  7. 7
    валіза -ы, валізка -і, ж. Чамадан.
    Людзі Піначэта з асаблівым задавальненнем раскрывалі дыпламатычныя валізы, у якіх дастаўляліся цэлафанавыя пакецікі з белым парашком. (Чырвоная змена. 04.03.1975) Калі пасажыры, спяшаючыся, бягуць да свайго вагона, сумкі, валізкі, торбы ўчаперваюцца ім у рукі і ўпарта іх цягнуць назад. (А.Разанаў)
  8. 8
    вандроўца -ы, м. Вандроўнік.
    Уваходжу, вандроўца, ў хаты: ціша, змоўклыя галасы. (А.Разанаў)
  9. 9
    вапёр -пра, м. Парсюк.
    Певень дзюбаў, што раскідаў вапёр, і ўжо без клопату сакатаў і кокаў. (М.Гарэцкі)
  10. 10
    вара -ы, ж. Варыва.
    [Сцяпан Аліфер:] Гэта ў цябе, галетніца, пахвастаць нямашака чаго, бо нішчымную вару і тую з чарапкоў ясі. (В.Гардзей)
  11. 11
    варажнеча -ы, ж. Варагаванне, варожасць.
    Іх [беларускіх прадстаўнікоў] варажнеча не спрыяла беларускай справе. (ЛіМ. 03.12.1993)
  12. 12
    варажнечы -ая, ае. Які знаходзіцца ў стане варожасці з кім-н.
    Інтэлігенцыя ў спрадвечным выбары паміж ісцінай і разлікам падзялілася на два варажнечыя лагеры. (В.Быкаў)
  13. 13
    варажыцца -жуся, -жышся, -жыцца, незак. Апасацца, баяцца.
    Варажылася Хрысця толькі аднаго, каб не патрапіць на верасаўскіх ці ведравіцкіх баб. (В.Адамчык)
  14. 14
    варатак -тку, м. Вар, кіпень.
    А распараныя ў варатку - яны [венікі] зусім не колкія. (У.Дубоўка)
  15. 15
    варкі -ая, -ае.
    1. Прызначаны для варкі стравы (пра печ); варысты.
    І сам будуе, як хоча, і ў такім доме адна варкая печ чаго варта, і ацяпленне дома простае - прапаліў у печ раз і суткі грэйся. (І.Дуброўскі)
    2. Які добры варыць.
    Старая ў гэтым час пачала даставаць з новай, але добра варкай печы цяжкія чорныя саганы. (Г.Далідовіч)
  16. 16
    варыўня -і, ж. ... Кухня.
    Сяржук сям'і не меў, жыў у інтэрнаце, і таму некалі ледзь не штовечар заседжваўся Стах з ім на варыўні ў размовах да паўночы. (Б.Пятровіч) вар'ятня -і, ж. Вар'яцкі дом.
    Тады дзядзьку Грышу забіралі на месяц за дзвіну, дзе ў колішніх мурох братоў-бернардынаў месцілася вар'ятня. (У.Арлоў) Жылі мы за закратаванымі вокнамі ў будынку колішняй вар'ятні. (ЛіМ. 05.12.1997)
  17. 17
    вашаваць -шую, -шуеш, -шуе, незак. Цяжка працаваць (параўн. рас. вкалывать).
    І [Вольф] усё вашуе тым шуфлем, як лычам, усё валочыць, як не надарвецца, усё спяшаецца. (Я.Брыль)
  18. 18
    ваявіта прысл. Ваяўніча, па-ваяцку.
    Тут і цяпер ваявіта даводзіцца, што хлусня - гэта чыстая праўда... (Н.Мацяш)
  19. 19
    ваяр -а, м. Воін.
    Колькі б разоў ні рвалася павуціна, столькі разоў павук яе аднаўляе, даючы прыклад і павучанне ўсім ваярам, усім працаўнікам. (А.Разанаў)
  20. 20
    веда -ы, ж. Веды, веданне.
    І ўжо тады ў яго паспела раптам веда, што рабіць яму трэба. (К.Чорны) Ч.Мілаш піша: «Выкажу ерэтычную думку: там, дзе ёсць поўная веда, паэзія ўжо непатрэбна... (М.Танк) Я ведаю, што дрэвам паміраць, Згараючы ў агні, наканавана... Я гэту «веду» выдумкай заву... (В.Зуёнак)

Паведаміць пра недакладнасьць