На запыт знайшлося 9 артыкулаў

  1. 1
    відаль -і, ж. Тое, што адкрываецца перад вачамі, перспектыва; від.
    Відаль была адна і тая самая за ўсю дарогу, звычайная, але прыгожая відаль: імглявае балотнае надвор'е, грудкі маркотнага алешніку з бакоў праезду... (М.Гарэцкі) Ехаў як быццам і не шпарка, перад вачыма рухалася прыгожая, як намаляваная, зялёная відаль, якую не псавалі светла-шэрыя прастакутнікі блізкага горада. (П.Васючэнка)
  2. 2
    відачын -а, відачынец -нца, м.
    Акцёр (параўн. рас. лицедей). Нічому не навучыцца побач і разам з такім сур'ёзным артыстам мог толькі бяздарны і лянівы відачын. (Б.Бур'ян) На Беларусі столькі цудоўных самабытных відачынцаў. (ЛіМ. 04.04.2003)
  3. 3
    відачынства -а, н. Тэатральная гульня, прадстаўленне (параўн. рас. лицедейство).
    Талент акцёрскага відачынства - напэўна, ён і пакінуў у памяці свае яркія адмеціны, прымусіўшы прыняць адыход Юрыя Авяр'янава як асабістую страту? Не ведаю. (ЛіМ. 26.01.1996)
  4. 4
    віжаваты -ая, -ае. Які мае схільнасць віжаваць.
    Віжаваты Д'ябэлак, Жоржык Б., знайшоў для мяне капітальнае суцяшэнне: - Ох, махні рукой на яго грозьбы. (У.Калеснік)
  5. 5
    віншаванка -і, ж. Вершаванае віншаванне.
    «Віншаванка» - назва віншавальнага верша Р.Барадуліна, адрасаванага вядомай артыстцы (ЛіМ. 02.01.1998)
  6. 6
    віншоўка -і, ж. Віншавальная паштоўка.
    Выкарыстоўваю на ўроках яшчэ адну маленькую, але крыштальна-чыстую крынічку - гэта віншоўку ад П.Панчанкі з нагоды жаночага свята 8 Сакавіка. (ЛіМ. 02.01.1998)
  7. 7
    віслашчокі -ая, ае. З абвіслымі шчокамі.
    За зіму старшыня яшчэ больш папляшывеў, што, зрэшты, пасуе яму да сытага і віслашчокага твару... (В.Гардзей)
  8. 8
    вітальня -і, ж. Пярэдні пакой.
    «Хрушчоўка» - яшчэ называлі яго [барак] за вузкую, не размінуцца, вітальню і маленькую куханьку. (У.Рубанаў) У вітальні (пярэдні пакой) тупалі дзеці Бадановічаў, сваякі. (В.Санько) Вітальня, кухня і суседні з імі пакой усцеленыя шкурай дзікоў. (Звязда. 23.06.2009)
  9. 9
    вітанне -я, н. Зварот да каго-, чаго-н. пры сустрэчы; прывітанне.
    Тут я пачуў, як нехта ціхенька У сенях тупае ізноў. То мысль вярнулася. Вітанне! (С.Дзяргай) Вітанне газеце! (Я.Купала)

Паведаміць пра недакладнасьць