Нерасцілішчы, умоўная (па аналогіі з рыбамі) назва месцаў адкладання ікры (яек) земнаводнымі. Бурыя жабы (травяная і вастрамордая) аддаюць перавагу зарослай воднай расліннасцю водмелі глыбінёй 10-20 см у адкрытых, дастаткова буйных (не менш як 200 м2) і глыбокіх (да 50-120 см) вадаёмах, дзе адкладваецца 50-70% ікры. Аднак нераставанне можа адбывацца і ў канавах, часовых лужынах з гліністым дном, у каляінах лясных дарог, у паніжэннях сярод лясных масіваў, у залітых поймах рак і азёр, у старыцах рэк, у меліярацыйных каналах, на ўскраінах балот, у затоках ручаёў і малых рэк. Нярэдка нерасцілішчы бываюць выбраны няўдала: вада пры абмяленні вадаёмаў адступае з мелкіх месцаў ці вадаёмы высыхаюць поўнасцю, што вядзе да масавай гібелі ікры. Зялёныя жабы (азёрная і сажалкавая) аддаюць перавагу пры размнажэнні буйным, даволі глыбокім (больш як 1 м) вадаёмам, зарослым эладэяй, урэчнікам, стрэлкалістам, рагаліснікам. Нераставанне адбываецца на глыбіні 20-50 см. Месцы нерасту зялёных жаб могуць знаходзіцца ў розных куточках вадаёма і залежаць ад напрамку ветру. Жабы аддаюць перавагу гладкай паверхні вады і звычайна хаваюцца за зараснікамі кустоў або чароту. Нерасцілішчы рапух размяшчаюцца звычайна ў найбольш зарослых участках вадаёмаў. Плаваючы паміж воднымі раслінамі, яны развешваюць на іх доўгія шнуры з ікры. Іншыя віды бясхвостых амфібій (жарлянка, часночніца, квакша), а таксама хвастатыя (трытоны) нерастуюць больш разгрупавана па вадаёмах.

Паведаміць пра недакладнасьць