Ідэал (фр. ideal ад грэч. idea - ідэя, паняцце, уяўленне), дасканаласць; дасканалы ўзор якога-небудзь аб'екта, з'явы, падзеі з пункту гледжання канкрэтнага чалавека ці групы людзей. У пластычных мастацтвах І. - гэта найвышэйшы ўзор духоўнай і фізічнай прыгажосці, ісціны і дабра, увасоблены ў чалавеку. Кожная эпоха высоўвае свой уласны І. (божаства, святога, манарха, героя), выпрацоўвае ўяўленні, абсалютную гармонію, справядлівасць і прыгажосць, найвышэйшую мэту імкненняў і дзейнасці. Суадносіцца з каштоўнасцямі, якія даследуюцца аксіялогіяй і сацыялогіяй. Гуманістычны І. маральна і фізічна дасканалай асобы ўзнік ужо ў эпоху антычнасці. Тэорыя І. была сфармулявана ў нямецкай класічнай філасофіі (І.Кант, Г.Гегель, І.Фіхтэ). У 19-20 ст. узнік і атрымаў пашырэнне І. камуністычнага грамадства. У сярэднявечнай хрысціянскай культуры Беларусі яскрава выявіліся І. боскай мудрасці і грамадскай згоды (асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, рэлігійная паэзія). У эпоху Адраджэння сфармаваліся гуманістычныя І. асветніка, будаўніка хрысціянскага міру (творчасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, Статуты ВКЛ і інш.). У канцы 19 - пачатку 20 ст. ў асяроддзі інтэлігенцыі (Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, І.Канчэўскі і інш.) быў сфармуляваны нацыянальна-адраджэнцкі І., які прадугледжваў стварэнне незалежнай дзяржаўнасці, забеспячэнне дэмакратычных правоў і свабод, свабоднае развіццё нацыянальнай культуры, мовы. Савецкая ўлада прапанавала грамадству камуністычныя І., якія звязваліся з ліквідацыяй прыватнай уласнасці, пабудовай бяскласавага грамадства, усталяваннем прынцыпаў справядлівасці і роўнасці ўсіх людзей. Аднак у канцы 20 ст. адбылося крушэнне гэтых утапічных І., таму ў сучасны перыяд паўстала праблема пошуку новых, адэкватных сённяшнім рэаліям грамадскіх І.

Паведаміць пра недакладнасьць