Капітэль (ад лац. capitellum - галоўка), па-мастацку аформленая верхняя частка калоны, пілястры; размяшчаецца паміж ствалом апоры і яе гарызантальным перакрыццем. У дарычным, іанічным, карынфскім, кампазітным ордэрах мае конусападобную форму; розныя віды К. адрозніваюцца памерамі асобных частак, дэталяў, іх формай, характарам аздаблення. У беларускім дойлідстве К. вядома з 12 ст., найбольш пашырана ў будынках 16-19 стст.