Дарычны ордэр (грэч. dorikos - уласцівы дарычным плямёнам Старажытнай Грэцыі), адзін з асноўных архітэктурных ордэраў (гл. Ордэр архітэктурны) і найбольш просты па свайму складу, знешняму выгляду; адрозніваецца масіўнымі, цяжкімі прапорцыямі частак калоны і антаблемента. Калона Д. о. не мела базы, яе ствол (фуст) апрацоўваўся вертыкальнымі жалабкамі (канелюрамі), абак капітэлі ўяўляў сабой пліту, эхін меў паўкруглы профіль, фрыз складаўся з трыгліфаў і метоп, упрыгожаных скульптурай, якая, як і выявы на франтонах храмаў, расфарбоўвалася. У беларускай архітэктуры Д. о. атрымаў найбольшае пашырэнне з часоў класіцызму.