Першыя парасткі музычнага нонканфармізму пачалі зьяўляцца ў пачатку 1960-х, калі ў Беларусь з Захаду прыйшла новая форма музыкі - біт, правобраз сучаснага рок-н-ролу. Адкрывальнікамі біту былі гарадзенцы, якія ўжо ў 1965 зладзілі I-ы фэст біт-гуртоў Горадні. У гэты ж час бітнікі зьяўляюцца ў Менску, дзе новая музыка распаўсюдзілася ў колах «тэхнічнай» моладзі, і ўжо ў красавіку 1968 у Менскім радыётэхнічным інстытуце быў зладжаны I-ы фэст біт-музыкі. Своеасаблівасьць гэтага мерапрыемства была ў тым, што ладзілася яно пры ўдзеле ЛКСМ Беларусі, які імкнуўся кантраляваць усе моладзевыя ініцыятывы. Але ўжо ўлетку 1968, пасьля Праскай вясны, пачаўся ўціск на біт-музыкаў: у біт-гуртоў забіралі памяшканьні для рэпэтыцыяў, ім забаранялася выконваць ангельскія песьні. Забойства Вячаслава Максакава і зьвязаныя з гэтым Хваляваньні ў Менску 09.04.1970 замацавалі нэгатыўнае стаўленьне да року, што выявілася пры правядзеньні II-га фэсту біт-ансамбляў у Менску. Напрыклад, за арганізацыю і выкананьне на фэсьце ангельскай песьні з Кансэрваторыі быў выключаны Ўладзімір Кандрусевіч.
Напачатку 1970-х мацнее хіпі-рух, перш за ўсё ў Менску і Горадні. Горадня таксама стала цэнтрам музычнага супраціву 1970-х. Пры падтрымцы ды з удзелам прыбалтыйскіх хіпі ў Горадні былі зладжаныя I-ы і II-гі выступы хіпі, дзе былі высунутыя патрабаваньні палітычных свабодаў.
Пасьля падаўленьня выступаў хіпі ў Горадні і рэпрэсыяў супраць арганізатараў II-га біт-фэсту беларускі музычны нонканфармізм разьвіваўся спарадычна - культурніцкую прастору амаль цалкам заняў музычны афіцыёз, да якога трэба аднесьці і «першы беларускі рок-гурт Песьняры». Пачатак застою ў грамадзтве стварыў сітуацыю застою ў моладзевым музычным асяродку.
Але ў пік застою нарадзілася новая хваля моладзевага музычнага нонканфармізму, які перайшоў на новую ступень разьвіцьця. На пачатак 1980-х прыпадае нараджэньне ўласна беларускага музычнага нонканфармізму, асноўнымі носьбітамі якога сталі гурты «Bonda» і «Мроя».
Паўставаньне рок-руху 1980-х адрозьніваецца ад біт-руху «шасьцідзясятнікаў» перш за ўсё тым, што кагорта васьмідзясятнікаў складаецца з гэтак званай «гуманітарнай» моладзі, у колах якой пашыраліся ідэі беларушчыны. Студэнты Менскага тэатральна-мастацкага інстытуту (удзельнікі «Bondy») і навучэнцы Менскай мастацкай вучэльні (удзельнікі «Мроі») спачатку кантактавалі з мастакамі, што мелі стасункі з «Майстроўняй», а пасьля самі выходзілі на «майстройцаў», лідэры якой - Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец і іншыя - пераконвалі маладых музыкаў, што беларуская мова павінна перайсьці са своеасаблівага эпатажу ў музыцы ў натуральную зьяву. Менавіта ўдзельнікі «Майстроўні» дапамаглі гурту «Студыя 7» знайсьці ў «Расейска-крыўскім слоўніку» В.Ластоўскага слова «бонда», якое замацавалася як назва гурта. Першы выступ «Мроі» на Траецкім прадмесьці ў Менску адбыўся з дапамогай «Майстроўні». Нацыянальны музычны нонканфармізм паўстаў на глебе беларускасьці, які з аднаго боку супрацьпаставіў сябе афіцыёзнай музычнай культуры зь яе вызначанымі жанрамі і стылямі, а з другога - традыцыйнаму музычнаму нонканфармізму, які склаўся за апошнія 15 год на аснове заходняй і расейскай культурных традыцыяў.
Напрыканцы 1980-х беларускі рок-н-рол выходзіць з падпольля: ладзяцца шматлікія рок-фэсты («Тры колеры», «Рок-крок», «Рок-дыялёг»), канцэрты, зьяўляецца музычная прэса, радыё- і ТБ-праграмы, прысьвечаныя рок-н-ролу, што дало надзею бачыць беларускі рок у якасьці пачынальніка стварэньня нацыянальнай мас-культуры. Супрацьстаяньне ўсталяваным уладамі культурным рамкам, стварэньне свайго культурніцкага беларускамоўнага поля стала своеасаблівым пераломам у сьвядомасьці музычных абываталяў, якія пачалі казаць пра фэномэн беларускамоўнага (пазьней - беларускага) року.
Літ.: 1. Мартыненка В., Мяльгуй В. Праз рок-прызму. - Ню Ёрк, 1989; 2. Сахараў С. «Bonda» (Кроніка гурта) // Наша Ніва. 23.02.1998, № 4; 3. Сахаров С. Отрывок из хроники группы «Мроя» / «Mroja» // Музыкальная газета. 1998, № 32.