Інтуіцыя (ад позналац. intuitio - сузіранне), здольнасць спасціжэння ісціны шляхам яе непасрэднага перажывання без абгрунтавання з дапамогай лагічных доказаў; працэс непасрэднага атрымання ведаў шляхам цэласнага «схоплівання» праблемнай сітуацыі без лагічнага яе вытлумачэння. Антычныя філосафы разглядалі І. як своеасаблівы сродак цэласнага «спасціжэння сябе» (Сакрат), як спосаб пазнання ідэй (Платон), як спосаб пазнання вышэйшых прынцыпаў быцця (Арыстоцель). У інтуітывізме І. тлумачыцца як непасрэднае зліццё суб'екта з аб'ектам, поўнае пераадоленне супрацьлегласці паміж імі (А.Бергсон). У філасофіі жыцця І. супрацьстаіць навуковаму пазнанню жыццёвай рэальнасці і ўспрымаецца як здольнасць да ірацыянальнага спасціжэння свету. У псіхааналізе І. трактуецца як неўсвядомлены першапрынцып творчай дзейнасці чалавека (З.Фрэйд). У экзістэнцыялізме І. тлумачыцца як спецыфічны спосаб быцця чалавека ў свеце (М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Адыгрывае важную ролю ў вырашэнні складаных навуковых задач, стварэнні арыгінальных мастацкіх твораў, прадухіленні канфліктных сітуацый у штодзённым жыцці кожнага чалавека і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць