Перыядызацыя гісторыі культуры, расчляненне працэсу развіцця культуры на асноўныя, якасна адрозныя адзін ад аднаго перыяды ў адпаведнасці з аб'ектыўнымі заканамернасцямі развіцця грамадства. У шматтысячагадовай гісторыі сусветнай культуры можна ўмоўна вылучыць некалькі вялікіх перыядаў. Першы з іх пачаўся прыблізна 40 тыс. гадоў таму назад і закончыўся ў 4-м тыс. да н.э. Гэта быў перыяд распаўсюджання першабытнай культуры, падчас якога чалавек навучыўся размаўляць (але яшчэ не ўмеў пісаць), пачаў выконваць рэлігійныя рытуалы і культы, будаваць першае жыллё, ствараць першыя творы мастацтва - малюнкі, скульптурныя работы. Амаль уся тагачасная культура была магічнай па свайму характару, паколькі была заснавана ў асноўным на магіі: варажбе, замовах, заклінаннях і інш. Другі перыяд працягваўся з 4 тыс. да н.э. да 5 ст. н.э. Ён з'яўляўся адным з самых багатых і плённых у гісторыі чалавецтва. Узніклі першыя цывілізацыі, і з тых часоў культура пачала развівацца на цывілізацыйнай аснове. Культура набыла (акрамя магічнага) яшчэ і міфалагічны характар, бо ў яе функцыянаванні надзвычай важную ролю пачала адыгрываць міфалогія. Найбольш развітыя культурныя рэгіёны гэтага перыяду - Старажытныя Месапатамія, Эгіпет, Індыя, Кітай, Амерыка, Грэцыя, Рым. Менавіта ў гэты перыяд узніклі і хутка развіваліся філасофія, матэматыка, астраномія, медыцына. Такія сферы мастацтва, як архітэктура, скульптура дасягаюць класічных формаў і вышэйшай дасканаласці. У трэці сярэднявечны перыяд (5-15 ст.) узніклі ці атрымалі шырокае распаўсюджанне монатэістычныя рэлігіі (хрысціянства, іслам, будызм). З'явіліся новыя лідэры сусветнага культурнага працэсу - Заходняя Эўропа, Візантыйская і Кітайская імперыі. Рэлігія па-ранейшаму мела духоўнае і інтэлектуальнае дамінаванне, хаця ў канцы гэтага перыяду рацыянальныя пачаткі ўжо пачалі пераважаць над рэлігійнымі. Чацвёрты перыяд ахоплівае адносна непрацяглы тэрмін (16 - першая палова 17 ст.) і называецца эпохай Адраджэння (Рэнесансу). Тады пачалі адраджацца ідэалы і каштоўнасці грэка-рымскай антычнасці. Пазіцыі рэлігіі ўжо не з'яўляліся такімі непахіснымі, як раней, бо галоўнай ідэйнай плынню становіцца гуманізм, у якім на першае месца выходзіць ужо не вера ў Бога, а вера ў чалавека і яго розум. Небывалы росквіт перажывалі практычна ўсе віды і жанры мастацтва, адбыліся важныя адкрыцці ў анатоміі, астраноміі, у асваенні новых зямель і г.д. Пяты перыяд пачаўся з сярэдзіны 17 ст. і працягваецца да сённяшніх дзён. Гэта час хуткага ўзрастання ролі навукі (менавіта ў 17 ст. узнікла сучаснае прыродазнаўства) у жыцці грамадства, далейшай секулярызацыі духоўнага жыцця і мастацкай культуры, што ярка выявілася ў эпоху Асветніцтва. Галоўнымі чалавечымі каштоўнасцямі былі абвешчаны розум, інтэлект. Дзякуючы навуковым дасягненням Захад паступова адціснуў традыцыйна-кансерватыўны Ўсход і выйшаў на першыя пазіцыі ў сусветнай гісторыі. Аднак у другой палове 20 - пачатку 21 ст. зноў пачалося адносна хуткае і паспяховае сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё асобных азіяцкіх краін (Японія, Кітай і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць