Постструктуралізм, кірунак у філасофскіх і гуманітарных ведах, які атрымаў развіццё ў 1970-1980-я г. у форме крытыкі, пераадолення структуралізму. У П. знайшоў адлюстраванне агульны стан духоўнай культуры заходняга грамадства - падзенне прэстыжу навукі, страта веры ў сацыяльны прагрэс, дэгуманізацыя грамадскіх адносін. Разглядае свет культуры як феномен пісьмовай культуры, бясконцы і бязмежны тэкст, унутры якога знаходзіцца і сам індывід. У П. замест індывідуальнага суб'екта (як у структуралізме і экзістэнцыялізме) на першы план выходзіць калектыўнае «Я», малая група аднадумцаў. Для яго ўласцівы дэканструкцыя (аналітычнае расчляненне паняццяў), дэцэнтрацыя, дыскурсіўны (канцэптуальны, лагічна-рацыянальны) аналіз мовы культуры, інтэрпрэтацыя прасторы культуры як знакавай сістэмы, якая складаецца з тэкста (паводле Ж.Дэрыда, «нічога не існуе па-за тэкстам») і кантэкста, сціранне прасторава-часавых межаў быцця культуры. П. выступае філасофскай, канцэптуальнай асновай постмадэрнізму.