-
101
аральніцтва -ае, н. Старажытнае земляробства.
Яны [дрыгавічы] парабілі прасекі ў лясных нерушах і сцежкі ў лугавой некашы, раскарчавалі палянкі і, паставіўшы свае хаты вакол выпаленых агнём лядаў, пачалі асвойваць аральніцтва, збіралі грыбы і ягады, палявалі на дзічыну. (В.Гардзей) -
102
арандаваны -ая, -ае. Які арандаваўся, арандуецца кім-н.
Хутарок быў пабудаваны нядаўна на арандаванай скарбовай зямлі. (Я.Колас) -
103
арганізоўны -ая, -ае. Які выконвае ролю арганізатара.
Няма пярэчанняў супраць таго, што члены партыі дзейнічалі як арганізоўчая і накіроўчая сіла. (Полымя. 1975. № 5) Кампазіцыйна арганізоўчым цэнтрам апавядальнай гісторыі з'яўляецца вобраз апавядальніка. (Роднае слова. 1999. № 11) -
104
аруплены -ая, -ае. Ахоплены руплівасцю, клопатам.
Перспектывізм як адмысловая тэорыя пазнання аруплены высвятленнем... умоў магчымасці існавання прыватных назіральнікаў. (ARCHE. 2006. № 3) -
105
асвойтаны -ая, -ае. Які асвойтаўся, асвоіўся.
Асвойтаныя з паўзмрокам вочы заўважалі каштанавыя валасы. (М.Лынькоў) -
106
асноведзь -і, ж. Фон.
Увесь гэты холад, пыху і суровасць [сабора] адно мякчыць: залочана асноведзь. (В.Ластоўскі) На асноведзі беларускіх вершаў «Лебедзі чорнай» выдае на экзатычную паэма «Пэрсыдзкая легенда». (Роднае слова. 1993. № *) ... Увесь лозунг на асноведзі навакольных аблезлых будынкаў успрымаўся непаважна і досыць двухсэнсоўна. (У.Арлоў) -
107
асобнік -а, м. Экзэмпляр.
Старшыня клуба «Спадчына» падараваў 150 асобнікаў кнігі-альбома «Любіць Радзіму - шанаваць родную мову». (Наша слова. 18.02.1998) -
108
астабрыднуць -не, зак. Моцна апрыкраць.
Ён [Мікалай Кулеша] наводзіць толькі сум. Здавалася, яму вельмі цяжка жыць, усё астабрыдла. (А.Карпюк) Як гэта ўжо, кажучы па-караткевічаўску, астабрыдла!.. (Я.Брыль) -
109
астуда -ы, ж., перан. Непрыязнасць, холад у адносінах.
Спадзяюся, што астуды ў хату, у сям'ю тваю пісьмо гэта не прынясе. (Ф.Янкоўскі) -
110
астуджаны -ая, -ае. Які астудзіўся (стаў халодны або халаднейшы).
Ціхая зорная ноч абдала іх астуджаным, але нячыстым гарадскім паветрам. (Ц.Гартны) -
111
астудны -ая, -ае. Які студзіць, халодзіць; сцюдзёны, халодны.
На ветры астудным гайдаючы вочап, Стары журавель - закадычны сябрук - Паведаць скрыпуча сягоння мне хоча, што помніць дагэтуль цяпло тваіх [маці] рукі. (М.Мятліцкі) Здавалася, між намі толькі мы - Дзве палавінкі сонечнага мая, Нібы няма астуднае зімы, Якая так сняжыста абдымае. (М.Шабовіч) -
112
асунуты -ая, -ае. Які асунуўся, асеў.
Веснавою парою - перад ворывам - спальвалі стажкі саломы. Асунутыя, распоўзлыя... (В.Рагаўцоў) -
113
асфальтаванка, асфальтка, асфальтоўка -і, ж. Асфальтаваная дарога.
Ад асфальтаванкі да Кірыліч кіоаметры два ці тры па лесе. (Р.Сабаленка) Пасля Плешчаніц стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай медзяной сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то доўга ўецца між баравых цяснін. (В.Быкаў) [Хаціна] стаяла сярод поля адна, якраз на скрыжаванні лапаціцкай палявіцы і радзімецкай асфальтоўкі. (В.Карамазаў) -
114
асцюдзянець -ею, -ееш, -ее, зак., перан. Астыць, стаць сцюдзёным, халодным.
Аж нарэшці, калі ён [дзядуля], мусіць, сам асцюдзянеў у патрэбнай прапорцыі, нарадзіўся хлопец. (М.Гарэцкі) -
115
асцярожнік -а, м. Пра чалавека, які дзейнічае з аглядкай, з асцярогай.
[Нядаўні прамоўца:] Што? Каб выступаць і нешта сказаць, то спярша начальнікаву біяграфію трэба вывучыць? Тады ўжо, асцярожнікі мудрушчыя, будзе правільненька? (Ф.Янкоўскі) -
116
асяніна -ы, ж.
1. Плата гуртавому пастуху, якая збіралася ўвосень.
Заўжды ў асенні час, Нібыта князь даніну, Збіраў пастух у нас Калісьці асяніну. ...Хто палатна сувой Даваў, хто трохі жыта. (А.Зарыцкі)
2. перан. Падсумоўванне кім-н. сваіх працоўных (творчых) набыткаў пад старасць.
Ужо на сенажаць Маю густы лёг іней. Час надыходзіць дбаць І мне аб асяніне. За век свой я не шмат Напасвіў песень надта... (А.Зарэцкі) -
117
Асяніны -нінаў, -нін, адз. няма. Дзень памінання продкаў, восеньскія Дзяды.
Асяніны - старадаўняя, язычніцкага паходжання, урачыстасць, сведчанне не столькі прымхлівасці, колькі высокай маральнасці земляробаў з іх сталым ушанаваннем памяці сваіх папярэднікаў. (А.Ліс) -
118
асянчук асенчука, м. Восеньскае парася, цяля, ягня.
Дзед Сцяпан павёз на продаж падгладжанага асенчука, укінуўшы яго на салому ў задок воза. (В.Гардзей) -
119
асяродзішча -а, н. Асяроддзе.
У час банкету ніхто ім не цікавіўся, ніхто да яго не зварачаўся, ніхто не гутарыў з ім. Попутчік быў як ізаляваны ад усяго асяродзішча. (Ф.Аляхновіч) -
120
атакоўны -ая, -ае. Які мае характар наступу, атакі.
- Сёння ты дасі мне на піва, - выдыхнуў напорыста, атакоўна. - Бачыш, у мяне сямейнае свята. ...Ды тон яго з атакоўнага памяняўся на горкі. (У.Мехаў)
На запыт знайшлося 130 артыкулаў
Паведаміць пра недакладнасьць