-
21
баранька -і, м. Вырабленая аўчынка баранчыка; баранок.
Забіты ляжаў, падагнуўшы ногі і адкінуўшы руку ў замшавай з бнлым баранькам рукавіцы. (М.Гарэцкі) -
22
барацьбінскі -ая, -ае. Звязаны, з адлюстраваннем барацьбы, змагння (пра кнігі).
У бібліятэцы, аднак, толькі «праграмнае», толькі «барацьбінскае». (ЛіМ. 13.02.1998) -
23
барацьбяны -ая, -ае. Ваяўнічы, мужны, адважны.
[Ігар] скаваў розум сілай сваёй і навастрыў сваё мужнасцю сэрца; напоўніўся духу барацьбянага і павёў сваё войска адважнае на землі Палавецкія за Рускія землі. (Я.Купала) Ах, якія яны ва ўласных вачах барацьбяныя... Якія архісмелыя, бескампрамісныя, гатовыя кінуцца грудзьмі на амбразуру!. (ЛіМ. 09.12.1994) -
24
басяка, прысл. Басанож.
Ніколі ж, вядома, і не падумалася б, што нізенькая, басаногая (толькі растане снег, а яна першаю, як напаказ, басяка ідзе ў мястэчка) і непрыкметная з выгляду Хрыста мае аднакае імя з грэцкаю багіняю ўдзячнасці. (В.Адамчык) -
25
бацькавіна -ы, ж. Бацькаўшчына.
[Алаіза:] Усё прабачаю. Любыя слабасці людскія. Акрамя аднае - здрады Бацькавіне. (В.Коўтун) -
26
бачаны -ая, -ае. ... Які бачаць, назіраюць.
Менавіта з гэтым, дэмакратычна бачаным народам духоўна кансалідуецца сам пісьменнік-першадрукар. (А.Каўка) -
27
бачына -ы, ж. Старонка кнігі, часопіса.
Мне даводзілася неаднойчы выступаць у абарону праўдзівай, сапраўднай гісторыі Беларусі - і з трыбуны пленума Саюза пісьменнікаў, і на бачынах перыядычнага друку. (Полымя. 1993. № 2) На іхніх [польскіх часопісаў] бачынах вы знойдзеце багата беларускіх аўтараў. (ЛіМ. 20.02.1998) -
28
безбрылёўка -і, ж. Бесказырка.
На рынку каля Брандэнбургскае брамы набор тавару, як і год таму: ордэны, піянерскія значкі, генеральскія шынялі, флоцкія безбрылёўкі... (У.Арлоў) -
29
безвач прысл. Усляпую.
«От жа гніда!» - стаіў у сабе злую думку Чубар і з гэтай думкай, нібыта безвач, ступіў нягнуткімі нагамі раз і другі па карчаватай прасецы, сілячыся здагадацца, куды ісці далей. (І.Чыгрынаў) -
30
безгарантны -ая, -ае. Які не дае гарантыі на што-н.
Рынак нас ставіць у абставіны безгарантныя пры свабодзе творчасці. (А.Лойка) -
31
беларускасць -і, ж. Сукупнасць характэрных прыкмет беларускага.
Вам кажу! не нясіце яе, як крыж. У выжыллі сагнутых плеч Не меўшы Хрыстовых сілаў, Беларускасць нясіце, як крылы, Беларускасць нясіце, як меч. (З.Цехановіч) -
32
беларушчына -ы, ж. Спрадвечная мова, культура, звычаі, традыцыі беларусаў.
«Ворагам Беларушчыны» - назва вершы Янкі Купалы, адрасаванага праціўнікам беларускай мовы, польскім і рускім шавіністам. Тыя [людзі], што жадалі далучыцца да Беларушчыны і жыць беларускім жыццём, за мінулыя дзесяць гадоў свой выбар зрабілі. (Наша слова. 18.02.1998) -
33
беласць, белыня -і, ж. Белізна.
Беласць - колер цнатлівае чысціні. (Г.Багданава) Марозна гады звіняць над вухам пасмаю белай, не гэтак ад сонца звінела хлапечых віхроў белыня. (А.Русецкі) -
34
берасцеец -сцейца, м. Жыхар Берасця (Брэста).
І вось - рынак: ён ускалыхнуў берасцейцаў і паклікаў на шумныя сходкі. (Звязда. 07.07.1994) Цяпер чакаем віцяблян і берасцейцаў. (ЛіМ. 23.02.1996) -
35
берасцейскі -ая, -ае. Які мае дачыненне да Берасця (Брэста).
Сапраўдныя ж людзі ў цывільным прыбылі на машынах з менскімі, гарадзенскімі й берасцейскімі нумарамі. (У.Арлоў) На падыходзе яшчэ некалькі кніг. У тым ліку і зборнік сучаснай берасцейскай паэзіі. (ЛіМ. 06.03.1998) -
36
бізнесовец -соўца, м. Той, хто займаецца бізнесам; бізнесмен.
Менавіта ён, маскоўскі бізнесовец родам з Гомеля, спрыяў з'яўленню першага прыватнага тэатра ў Беларусі. (ЛіМ. 23.02.1996) -
37
бізнесовы -ая, -ае. Які мае дачыненне да бізнесу.
Апошнім часам нямецкамоўны Цюрых стаў найбуйнейшым фінансавым і бізнесовым цэнтрам краіны. (Навіны. 13.03.1998) -
38
бітлівы -ая, -ае. Які мае схільнасць да боек, любіць біцца.
Марудна цягнуўся вечар, хоць троху і было баўнага занятку ў тым, што супакойвалі крыклівых і бітлівых Казю і Мечыка, рыхтавалі вячэру... (М.Гарэцкі) -
39
бітма прысл. Бітком.
Клумлівая куламеса людзей - там усе нацыі і клясы - бітма набіла перон. (М.Гарэцкі) Мне зразумела, чаму і на Мальера, і на Купалу - бітма набітая зала. Людзям, як і артыстам, хочацца радасці. (ЛіМ. 17.09.1993) -
40
благальны -ая, -ае. Які выказвае, выражае просьбу.
На тварыку ў Костуся з'явілася благальная ўмешка. (М.Лужанін) І другія асобы былі дзіўныя. Патрапаныя ці занадта гладкія твары, прагныя вочы, вочы замучаныя, вочы благальныя, вочы з «вар'яцінкай». (У.Караткевіч)
На запыт знайшлося 92 артыкулы
Паведаміць пра недакладнасьць