Характарыстыка земнаводных Беларусі. Тэрыторыі краіны ўласціва пэўная спецыфіка прыродна-кліматычных умоў. Размешчаная ў цэлым у межах лясной зоны, яна разам з тым значна дыферэнцыравана паводле фізіка-геаграфічных, кліматычных, гідралагічных і фларыстычных фактараў. Гэта абумоўлівае спецыфічнасць фауны амфібій, якая ў зоагеаграфічным аспекце адносіцца да Палеарктычнага падцарства. Асноўную частку яе складаюць віды, якія характэрны для Эўрапейска-Сібірскай зоагеаграфічнай вобласці. Толькі адзін від - звычайная квакша - належыць да фауны Міжземнаморскай падвобласці.

У Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 2 атрадаў амфібій: 2 віды хвастатых (Caudata) і 10 відаў бясхвостых (Anura). Сярод зялёных жаб, акрамя азёрнай і сажалкавай, або ядомай, існуе гібрыдная форма, якую раней даследчыкі адносілі да сажалкавай жабы і якая, паводле меркаванняў, узнікла яшчэ ў ледавіковы перыяд, а цяпер трапляецца ізалявана або разам з азёрнай, найчасцей з сажалкавай жабамі. Яна звычайна скрыжоўваецца з асобінамі гэтых відаў, а не ўнутры свайго. Такая гібрыдызацыя пастаянна адбываецца ў прыродзе і працякае з выбіральнай перадачай спадчынных прыкмет пар, што ўдзельнічаюць у размнажэнні: патомству перадаюцца вонкавыя прыкметы толькі аднаго з бацькоў. Таму ў складаных пасяленнях зялёных жаб - азёрнай, сажалкавай і гібрыднай - розніцу паміж імі пры вонкавым падабенстве можна вызначыць толькі паводле біяхімічных, або клетачна-генетычных паказчыкаў (тэстаў).

Сучасныя даследаванні не пацвердзілі звестак аб прысутнасці ў межах Беларусі яшчэ 2 відаў амфібій - жвавай жабы (Rana dalmatina), выяўленай у 1918 г. З.Федаровічам пад Нясвіжам, а таксама альпійскага трытона (Triturus alpestris), экзэмпляр якога знойдзены пад Мазыром і захоўваецца ў калекцыях акадэмічнага Заалагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. Паўночныя межы арэалаў гэтых відаў, напэўна, праходзяць на поўдзень ад Беларусі, а трапіць на яе тэрыторыю яны маглі, відаць, выпадкова, не выключана, што з удзелам чалавека.

У складзе фауны земнаводных Беларусі прысутнічае прыкладна паўпрацэнта ад сусветнай фауны земнаводных. Структура насельніцтва амфібій краіны (відавы склад, агульная шчыльнасць і суадносіны колькасці розных відаў) у розных біятопах моцна вагаюцца. Тры віды бясхвостых амфібій - чаротавая рапуха, звычайная квакша, чырванабрухая жарлянка - маюць абмежаванае пашырэнне і наогул адсутнічаюць у паўночнай, паўночна-ўсходняй і часткова ва ўсходняй частках краіны.

Калі ацэньваюць пашырэнне земнаводных у межах тэрыторыі Беларусі і Эўразіі, то паводле велічыні арэалаў, якія яны займаюць, іх можна падзяліць на 4 групы: віды з адносна шырокім арэалам (шэрая і зялёная рапухі, азёрная, вастрамордая і травяная жабы); віды з сярэднім па велічыні арэалам, якія поўнасцю ахопліваюць тэрыторыю Беларусі (звычайны і грабеньчаты трытоны, звычайная часночніца, сажалкавая жаба); віды з сярэднім арэалам, якія маюць абмежаванае распаўсюджанне ў Беларусі (чырванабрухая жарлянка, звычайная квакша) і заходнеэўрапейскія віды з вузкалакальным арэалам (чаротавая рапуха).

Найбольш шматлікімі відамі, якія трапляюцца часцей, з'яўляюцца вастрамордая і травяная жабы. Да такіх відаў можна аднесці таксама звычайнага і грабеньчатага трытонаў, звычайную часночніцу, шэрую і зялёную рапух, азёрную і сажалкавую жаб, а таксама, з пэўнымі агаворкамі, чырванабрухую жарлянку і звычайную квакшу. Вельмі рэдкім відам з'яўляецца чаротавая рапуха, якая ўключана ў Чырвоную кнігу Беларусі.

У лясах краіны жывуць вастрамордая, травяная і сажалкавая жабы, шэрая і чаротавая рапухі, чырванабрухая жарлянка, звычайная квакша, звычайны і грабеньчаты трытоны. Аднак тыпова ляснымі відамі з'яўляюцца толькі травяная і вастрамордая жабы, шэрая рапуха. Трытоны і жарлянка часцей за ўсё толькі зімуюць у лесе. Дамінуюць і складаюць ядро ўсёй батрахафауны лясоў краіны бурыя жабы - вастрамордая і травяная. Шэрая рапуха ў параўнанні з імі мае вельмі невысокую колькасць (1-5% агульнай колькасці земнаводных). Квакша звычайна распаўсюджана ў шыракалістых лясах басейна Прыпяці і прырэчышчавай зоны Нёмана, у іншых раёнах яна адносна рэдкая і поўнасцю адсутнічае ў Паазер'і.

Воднымі формамі з'яўляюцца азёрная і сажалкавая жабы, чырванабрухая жарлянка, якія (галоўным чынам 2 апошнія віды) таксама сустракаюцца на поймавых лугах, у вільготных алешніках і дубровах і складаюць 1-5% колькасці земнаводных. Большую частку актыўнага перыяду ў красавіку-чэрвені праводзяць у вадзе звычайны і грабеньчаты трытоны. Пакінуўшы вадаёмы, яны вядуць малаактыўны, патаемны спосаб жыцця. Неабходна мець на ўвазе, што ў час размнажэння ў вадаёмах збіраюцца практычна ўсе віды амфібій.

Вастрамордая, травяная, азерная, сажалкавая жабы, чырванабрухая жарлянка, шэрая, зялёная і чаротавая рапухі, звычайная часночніца, зрэдку звычайная квакша трапляюцца на поймавых, нізінных і сухадольных лугах. Але тут дамінуюць шэрыя жабы.

На балотах пашырана ў асноўным вастрамордая жаба. Толькі ў пагранічных зонах паміж балотамі і лясамі, што прылягаюць да іх, зрэдку трапляецца травяная, а па балоцінах - сажалкавая жабы.

У культурным ландшафце (сельгасугоддзі, сады, агароды) найбольш распаўсюджаны зялёная і шэрая рапухі, звычайная часночніца, травяная і вастрамордая жабы, трапляюцца таксама чаротавая рапуха і звычайная квакша. Калі ж у гэтых месцах ёсць вадаёмы, што не перасыхаюць, тут даволі звычайныя азёрная і сажалкавая жабы, чырванабрухая жарлянка, звычайны трытон.

Улік колькасці дамінуючых відаў, зроблены ў розных раёнах Беларусі, паказаў, што шчыльнасць амфібій складае ў сярэднім 220 (ад 0 да 6000) экз/га. Паводле колькасці ва ўсіх угоддзях у асноўным вастрамордая - 160 (0-5550) экз/га і травяная - 60 (0-3300) экз/га жабы. Аднак у залежнасці ад асаблівасцей мясцовасці і экалагічных патрабаванняў паказчыкі шчыльнасці кожнага віду істотна мяняюцца.

Шчыльнасць пашырэння бясхвостых амфібій у лясах моцна вагаецца. Найменшая яна ў хвойніках - да 20 экз/га, што звязана з адносна нізкай вільготнасцю і беднай кармавой базай у іх. Тут шчыльнасць вастрамордай жабы звычайна большая (да 15 экз/га), чым травяной (да 10 экз/га). У некаторых хваёвых лясах, паблізу якіх адсутнічаюць прыдатныя для размнажэння вадаёмы, амфібій практычна няма. У ельніках, дзе вільготнасць вышэй, шчыльнасць заселенасці земнаводных значна большая (да 425 экз/га), асабліва ў тых, што размешчаны побач з вадаёмамі. У беразняках шчыльнасць заселенасці земнаводных вагаецца ад 0 і да 1500 экз/га. Самая нізкая шчыльнасць амфібій у падвейна-сфагнавых беразняках, дзе вады дастаткова, але яна мае згубную для ікры жаб кіслотнасць. У вільготных асаковых беразняках колькасць амфібій дасягае 1500 экз/га, сярод іх пераважае вастрамордая жаба. Найбольшая шчыльнасць (да 6000 экз/га) амфібій у алешніках. У сярэднім па краіне ў алешніках шчыльнасць вастрамордай жабы вышэй, чым травяной (740 супраць 400 экз/га). Паводле максімальных паказчыкаў у гэтых біятопах таксама пераважае вастрамордая жаба (5500 супраць 3300 экз/га). Акрамя дамінуючых відаў бурых жаб у алешніках з высокай вільготнасцю і наяўнасцю вялікай колькасці лужын пашыраны і водныя амфібіі: сажалкавая жаба (да 30 экз/га) і чырванабрухая жарлянка (да 50 экз/га). Трапляецца ў алешніках і шэрая рапуха (да 50 экз/га). Высокая шчыльнасць амфібій адзначаецца таксама ў дубровах, асабліва ў поймавых. Тут сярэдняя шчыльнасць пашырэння жывёл дасягае 550 экз/га. У поймавых дубровах у адных выпадках пераважае вастрамордая, у іншых - травяная жаба. Гэта звязана з рознай будовай рэчышчаў буйных рэк і залежнымі ад гэтага асаблівасцямі веснавой паводкі, якая вызначае ўмовы і магчымасці зімавання. Травяная жаба зімуе ў вадаёмах у адрозненне ад вастрамордай, якая праводзіць зіму на сушы. Такім чынам, пры вядомым ваганні шчыльнасці засялення амфібій у лясах Беларусі ад 0 да 6000 экз/га, сярэдняя шчыльнасць - 220 экз/га. Для вастрамордай і травяной жаб яна вызначаецца адпаведна 150 і 60 экз/га.

У адкрытых біятопах - на лугах і балотах - колькасць бясхвостых амфібій на адзінку плошчы істотна адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў лясах. Гэта вельмі важна пры ацэнцы размеркавання земнаводных, калі ўлічыць, што лясы займаюць 34,5, лугі - 15,2, балоты - 12,4% тэрыторыі краіны. Поймавыя і нізінныя лугі, якія займаюць адпаведна 1,03 і 2,55% тэрыторыі, з'яўляюцца асноўнымі ўгоддзямі пашырэння бясхвостых амфібій. Сярэдняя шчыльнасць амфібій на поймавых лугах 360 экз/га, максімальная - 2000 экз/га, вастрамордай жабы яна складае 270 экз/га. Сярэднія паказчыкі шчыльнасці пашырэння травяной жабы ў лясах і на поймавых лугах практычна роўныя (каля 60 экз/га) пры максімальнай шчыльнасці 660 экз/га. На нізінных лугах шчыльнасць пашырэння амфібій ніжэйшая, чым на поймавых (тут нізкая колькасць травяной жабы - 6 экз/га). Шчыльнасць жа вастрамордай жабы ў параўнаных біятопах практычна аднолькавая. На нізінных лугах вастрамордая жаба дамінуе над травяной.

На вярховых балотах, якія складаюць 1,67% тэрыторыі краіны, у асноўным вастрамордая жаба. Колькасць яе невялікая, каля 30 экз/га. Травяная жаба, шэрая рапуха і сажалкавая жаба тут трапляюцца толькі на абмежаваных лясістых участках. Нізкая колькасць амфібій на вярховых балотах тлумачыцца адносна малой колькасцю корму (насякомых), адкрытасцю мясцовасці, высокай кіслотнасцю вады, што прыводзіць да гібелі адкладзенай у ёй ікры. Сярод наземных пазваночных жывёл амфібіі характарызуюцца найбольшай ступенню тэрытарыяльнай дыферэнцыяцыі, якая выклікана неаднароднасцю прыродных умоў. Гэтым тлумачыцца абмежаванае пашырэнне чырванабрухай жарлянкі, звычайнай квакшы і чаротнай рапухі, а таксама дакладная геаграфічная зменлівасць суадносін сярэдняй шчыльнасці двух дамінуючых відаў (травяной і вастрамордай жаб) як паводле шыраты, так і даўгаты. У паўночных раёнах вастрамордая жаба складае 65,0% ад агульнай шчыльнасці, у паўднёвых - 95,0%, ва ўсходніх - 76,2%, у заходніх - 95,9%, хоць у асобных біятопах аднаго геаграфічнага раёна дамінаванне можа мяняцца ў дыяметральна супрацьлеглых напрамках.

Цэнтральная частка краіны (Менскае ўзвышша) вылучаецца асобнай спецыфікай: ва ўсіх біятопах дамінуе травяная жаба (ад 80,0 да 100%).

Поўнае дамінаванне вастрамордай жабы на поўдні (Палеская нізіна) праяўляецца не толькі ў максімальнай у параўнанні з астатнімі раёнамі шчыльнасці засялення, але і ў генетычнай структуры папуляцый: у гэтым раёне распаўсюджаны варыянт паласатасці спіны, які сустракаецца з частатой 15,8 (2,9-55,3%).

Ландшафтная дыферэнцыяцыя пашырэння земнаводных прасочваецца пры ацэнцы яе змены ў басейнах буйнейшых рэк Беларусі (Прыпяці, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Дняпра, Бярэзіны) на розных участках іх цячэння. Найбольш істотнымі фактарамі тут з'яўляюцца асаблівасці клімату, характар расліннасці, узровень узнятасці берагавой і поймавай зон, што ў многім вызначае паводкавую сітуацыю, лесапокрыва і блізкасць размяшчэння лясных участкаў да рэчышчаў рэк, ступень пераўтворанасці тэрыторыі чалавекам (населеныя пункты, меліярацыйныя сістэмы, прамысловыя прадпрыемствы).

Паведаміць пра недакладнасьць